Вальфовіч расказаў аб асаблівасцях праверкі брыгады УВ МУС, яе выніках і выяўленых праблемах
Фота з архіва МУС 13 кастрычніка, Мінск . Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў аб асаблівасцях праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС, яе выніках і выяўленых праблемах. Адпаведную інфармацыю ён агучыў журналістам па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі,
Дзяржсакратар падкрэсліў, што тэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі мае прыярытэтнае значэнне для кіраўніка дзяржавы. «Абстаноўка ў свеце паказвае, што порах трэба трымаць сухім у мірны час. І Прэзідэнта хвалююць не толькі пытанні праверкі Узброеных Сіл, якім мы больш увагі ўдзяляем. Прэзідэнта хвалююць пытанні здольнасці ўсіх структур ваеннай арганізацыі выконваць свае задачы ў адпаведнасці з прызначэннем», — сказаў ён.
З гэтай мэтай Прэзідэнтам зацверджана задума праверак сілавога блока, разлічаная да канца бягучага года, куды ўключаны ўсе структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы. Як растлумачыў Аляксандр Вальфовіч, найбольшая ўвага там удзяляецца воінскім часцям УС, паколькі гэта аснова, найбольш буйное ядро, і важна разумець, наколькі яны здольны абараніць граніцу, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы пры знешняй агрэсіі.
«Прэзідэнта хвалюе ў цэлым здольнасць усіх структур выконваць свае задачы па прызначэнні. МУС пасля УС — найбольш буйны орган ваеннага кіравання і адна са структур ваеннай арганізацыі дзяржавы. Таму Прэзідэнтам было даручана праверыць і міліцыю ў тым ліку — як яна здольна перавесціся на ваенны час, у баявую гатоўнасць. Такая праверка была праведзена ўпершыню. Адпрацаваны пытанні пераводу з мірнага на ваенны час», — растлумачыў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Паводле яго слоў, праверка брыгады УВ МУС была ёмістая, насіла раптоўны характар, працягвалася звыш 10 дзён і праводзілася ў некалькі этапаў.
На першым этапе адпрацоўваліся пытанні пераводу ў баявую гатоўнасць — з мірнага на ваенны час. У выпадку з брыгадай УВ МУС асаблівасць працэсу ў тым, што пры рэальнай неабходнасці рабіць гэта трэба ва ўмовах спроб дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Таму правяралася здольнасць процідзейнічаць дыверсійна-разведвальным групам і іншым незаконным узброеным фарміраванням паралельна з адпрацоўкай пытанняў пераводу, даўкамплектавання брыгады да штату ваеннага часу і выканання задач мірнага часу.
«З задачамі (пастаўленымі ў ходзе праверкі. — Заўвага БЕЛТА) брыгада справілася. Нават у найкарацейшыя тэрміны, з апярэджаннем графіка. На некалькі сутак раней яны перавяліся з мірнага на ваенны час, адмабілізавалі асабовы склад, звыш 100 чалавек. Былі сфарміраваны тры падраздзяленні», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён удакладніў, што не ставілася задача праводзіць маштабны прызыў, а трэба было праверыць саму методыку і здольнасці пунктаў прыёму асабовага складу, прыёму тэхнікі.
«З задачамі справіліся, і даволі нядрэнна. Так, былі выяўлены праблемныя пытанні, звязаныя з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Пытанні, якія трэба падрэгуляваць у кіраванні, арганізацыі сувязі. Але гэта ўсё вырашальна. Тым больш што прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу нашай краіны стаяць у першай лінейцы вытворцаў сродкаў сувязі. Таму тут я не бачу вялікіх праблемных пытанняў», — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Яшчэ адзін этап праверкі — ротныя тактыка-спецыяльныя вучэнні з падраздзяленнямі УВ МУС. І на завяршэнне — праверка агнявой і фізічнай падрыхтоўкі кожнага ваеннаслужачага. «Па агнявой падрыхтоўцы ўнутраныя войскі ацэнены на выдатна. І даволі ўпэўнена ацэнены па фізпадрыхтоўцы», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
Ён падкрэсліў, што на нарадзе Прэзідэнт пытаўся не столькі аб станоўчых аспектах, колькі аб праблемных. Аб гэтым кіраўніку дзяржавы было даложана. «Адбылася мужчынская шчырая размова, пастаўлены дакладныя канкрэтныя задачы — да канца года прыняць усе арганізацыйныя кіраўніцкія рашэнні і ў далейшым паглядзець, як гэта ўкаранёна і выкарыстоўваецца ў сістэме падрыхтоўкі ўнутраных войскаў», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі.





