Два сусветныя рэкорды і 55 медалёў: зборная Беларусі па радыёспорце вярнулася ў Мінск
13 кастрычніка, Мінск . Нацыянальная зборная ДТСААФ па радыёспорце вярнулася ў Мінск з 22-га чэмпіянату свету па скораснай радыётэлеграфіі ў туніскім горадзе Сус з 55 медалямі,
Беларускія спартсмены паказалі на сусветным першынстве выдатны рэзультат, заваяваўшы 36 залатых, 12 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў, а таксама ўстанавіўшы 2 сусветныя рэкорды.
Галоўны трэнер па радыёспорце ДТСААФ Ірына Кавалеўская адзначыла, што ўсе ўдзельнікі ад беларускай каманды вялікія малайцы. «Пастараліся і паказалі проста суперскі рэзультат», — падзялілася эмоцыямі трэнер. Паводле яе слоў, поспеху садзейнічалі пастаянныя трэніроўкі: спартсмены трэніраваліся кожны дзень пяць разоў на тыдзень, адна трэніроўка доўжылася тры гадзіны.
У спаборніцтвах выступілі каля 150 удзельнікаў з 15 краін. Трэнер адзначыла, што расійская каманда заняла другое месца, трэцяй стала румынская каманда.
У складзе беларускай зборнай выступала Ганна Семяніхіна — 15-разовая абсалютная чэмпіёнка свету, якая ўстанавіла сусветны рэкорд у літарнай сумесі. «Гэты медаль абсалютнай чэмпіёнкі свету. Ён для мяне самы дастойны і самы складаны», — сказала яна, адзначыўшы пры гэтым узровень канкурэнцыі. Паводле яе слоў, зборная Беларусі вельмі моцная, але выступаць было складана і цікава, таму што сапернікі былі дастойныя.

18-гадовая Хрысціна Самусевіч устанавіла новы сусветны рэкорд у прыёме змешанага тэксту — 270 знакаў у мінуту. Раней гэта дасягненне належала расійскай спартсменцы (260 знакаў у мінуту). Для Хрысціны гэта пяты чэмпіянат свету. Дзяўчына ацаніла арганізацыю спаборніцтваў і ўзровень канкурэнцыі. Паводле яе слоў, сур’ёзнымі сапернікамі былі спартсмены з Расіі і Балгарыі. «На этапе трэніровак разумела, што магу паставіць рэкорд. Перад спаборніцтвамі ставіла мэту паказаць свой рэзультат, і ў мяне атрымалася», — дадала Хрысціна Самусевіч. 
Скорасная радыётэлеграфія — тэхнічны від спорту, які патрабуе ад спартсменаў найвышэйшай канцэнтрацыі, маланкавай рэакцыі і віртуознага валодання тэлеграфным ключом. Спаборніцтвы ўключаюць прыём і перадачу літарных, лічбавых і змешаных радыёграм, а таксама камп’ютарныя практыкаванні RUFZ і Morse Runner, якія імітуюць работу ў эфірных умовах.
Беларуская каманда — прызнаны лідар сусветнага радыёспорту: пачынаючы з 2001 года яна нязменна займае першае месца ў агульнакамандным заліку на чэмпіянатах свету. На папярэднім, 21-м чэмпіянаце свету, які праходзіў у 2025 годзе ў Чарнагорыі, зборная Беларусі заваявала 55 медалёў, 35 з якіх — вышэйшай пробы, і ўстанавіла два сусветныя рэкорды.
Фота Яраслава Зарэцкага





