Сучасныя метады барацьбы з кіберзлачыннасцю абмяркоўваюць на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску
12 лістапада, Мінск . У Мінску праходзіць VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Следчая дзейнасць: навука, адукацыя, практыка»,
У канферэнцыі, акрамя супрацоўнікаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі з Беларусі, удзельнічаюць прадстаўнікі праваахоўных органаў і спецыяльных службаў дружалюбных дзяржаў. «На абмеркаванне вынесена мноства пытанняў. Асобная ўвага будзе ўдзелена пытанням процідзеяння кіберзлачыннасці і абмену тактыкамі, методыкамі раскрыцця злачынстваў мінулых гадоў. У Беларусі ёсць пэўныя поспехі ў гэтым напрамку, нам ёсць чым падзяліцца. Упэўнены, што сённяшняе мерапрыемства стане сур’ёзным укладам у пытанні забеспячэння законнасці і правапарадку», — сказаў старшыня Следчага камітэта Беларусі Канстанцін Бычак.
Ён таксама ўказаў, што ва ўмовах глабальнай лічбавізацыі злачыннасці па ініцыятыве Следчага камітэта прымаюцца меры па ўкараненні інавацыйных тэхналогій у працэс расследавання. Асаблівая ўвага пры гэтым удзяляецца спыненню дзейнасці транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, следчай прафілактыцы крымінальных дзеянняў, далейшаму ўкараненню ў работу следчага перадавых аўтаматызаваных сістэм. «У такой дзейнасці актыўна выкарыстоўваюцца як дасягненні беларускай навукі, так і каштоўны замежны вопыт, у першую чаргу калег з Расіі, Казахстана і Узбекістана», — падкрэсліў старшыня СК.
Пільная ўвага ў ведамстве па-ранейшаму ўдзяляецца арганізацыі сістэмнай работы па крымінальных справах аб злачынствах мінулых гадоў. «Забеспячэнне прынцыпу няўхільнасці пакарання ў многім дасягаецца за кошт комплекснага падыходу, які складваецца з павышэння якасці следчай работы і актыўнага выкарыстання сучасных магчымасцей судовых экспертыз», — адзначыў Канстанцін Бычак.
Фота Мікалая Пятрова




