Больш як 20 тыс. абітурыентаў падалі дакументы ў ВНУ за першыя два дні прыёму
14 ліпеня, Мінск . У ВНУ Беларусі за першыя два дні асноўнага прыёму дакументы падалі больш як 20 тыс. абітурыентаў. Аб гэтым журналістам паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч,
Установы вышэйшай адукацыі пачалі асноўны прыём дакументаў у абітурыентаў 12 ліпеня. «За першыя два дні прыёму больш як 20 тыс. абітурыентаў падалі дакументы ў ВНУ на тыя спецыяльнасці, на якія планавалі. Гэты працэс ідзе планава, у рабочым парадку. Не першы год мы арганізоўваем работу электроннай чаргі для падачы дакументаў у прыёмныя камісіі. У мінулым годзе сэрвісам скарысталіся каля трэці ўсіх абітурыентаў. Сістэма вельмі спадабалася абітурыентам, і ў гэтым годзе, паводле прагнозаў, ёй скарыстаецца прыкладна палова ўсіх абітурыентаў. Усе неабходныя месцы для гэтага выдзелены. Сэрвіс даў нам магчымасць пазбегнуць чэргаў. Людзі загадзя плануюць час наведвання ВНУ», — расказаў Аляксандр Бахановіч.
Ён таксама адзначыў, што 18 ліпеня пачнецца прыём дакументаў у тых, хто паступае ў каледжы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «У гэтым годзе мы плануем прыняць прыкладна 39 тыс. чалавек. Асноўныя напрамкі тут тыя ж, што і ў мэтавікоў: інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, педагагічныя, медыцынскія, спецыяльнасці аграрнага профілю. Гэта тыя напрамкі, у якіх мае патрэбу эканоміка нашай краіны», — падкрэсліў першы намеснік міністра. 






