Сімвал з’яднанасці і гістарычнай справядлівасці. Дзень народнага адзінства адзначаюць у Беларусі
Беларусь сёння адзначае адно з галоўных дзяржаўных свят — Дзень народнага адзінства. Яно прымеркавана да знакавай гістарычнай падзеі — уз’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і БССР. Менавіта 17 верасня пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, што вярнуў у склад адзінай дзяржавы тэрыторыі, якія паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ўвайшлі ў склад Польшчы без уліку меркавання беларускага народа. Дзень народнага адзінства з’яўляецца сімвалам гістарычнай справядлівасці і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі.
Ідэя заснавання Дня народнага адзінства прагучала на вышэйшым узроўні ў лютым 2021 года на VI Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». І ўжо 7 чэрвеня таго ж года новае свята ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з’явілася ў нашым календары. «Памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі», — заявіў Прэзідэнт на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі ў ліпені 2021 года. «Вось чаму патрэбны суверэнітэт і незалежнасць — каб нас ніколі больш супраць нашай волі не дзялілі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі», — адзначыў Лукашэнка.
Трагедыя падзеленага народа і палітыка этнацыду
Польска-савецкая вайна 1919-1921 гадоў завяршылася 18 сакавіка 1921 года падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора, які замацаваў падзел беларускіх зямель. Згодна з дакументам, заходнія тэрыторыі Беларусі ўвайшлі ў склад Польшчы.
Стоўбцы, Баранавічы, Брэст, Пінск, Вілейка, Навагрудак, Маладзечна і іншыя населеныя пункты ў адзін момант сталі заграніцай. Новая дзяржаўная граніца прайшла нават праз некаторыя вёскі. Пагранічныя кардоны і калючы дрот праляглі па лёсах людзей, разлучыўшы сем’і, сваякоў і суседзяў. Але галоўная трагедыя заключалася ў іншым: заходнія беларусы аказаліся на мяжы знікнення менавіта як нацыя. Хоць у Рыжскім мірным дагаворы быў пункт аб тым, што польскі ўрад бярэ на сябе абавязацельства захоўваць інтарэсы нацыянальных меншасцей, усё гэта ў выніку аказалася не больш чым дэкларацыяй. На ўсёй тэрыторыі «крэсаў усходніх» (так называлі Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы) польскія ўлады паслядоўна праводзілі паланізатарскую палітыку пад лозунгам «Польшча — дзяржава аднаго народа».
Сапраўдную пазіцыю афіцыйнай Варшавы ў адносінах да беларускага насельніцтва лепш адлюстроўваюць выказванні польскіх улад таго часу. Міністр юстыцыі Польшчы Аляксандр Мяйштовіч цынічна заяўляў: «Беларусі самой гісторыяй прызначана быць мостам для польскай экспансіі на Усход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць перароблена ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі, мы павінны гэтаму садзейнічаць».
Гаворачы аб становішчы нашых людзей у Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы, можна выкарыстоўваць розныя азначэнні: нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, акупацыя. Але на самай справе гэта быў мэтанакіраваны этнацыд беларускага народа.
Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы. Край у асноўным выкарыстоўваўся дзяржавай як крыніца сыравіны і таннай рабочай сілы. Рабочы дзень у сферы прамысловасці складаў 10-12 гадзін, зарплата была больш нізкай, чым у этнічна польскіх рэгіёнах. Многія рабочыя былі вымушаны жыць у цесных халодных бараках, падвалах, дзе не было ні вады, ні цяпла, ні святла, а кватэрная плата складала 1/3 заработку. Больш за 80% насельніцтва краю былі заняты ў сельскай гаспадарцы. Сяляне цярпелі ад беззямелля і падатковага цяжару.
Польскія ўлады не дазвалялі выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. Да верасня 1939 года яны так і не змаглі забяспечыць абяцанай усеагульнай пачатковай адукацыі. У многіх мясцінах Заходняй Беларусі, асабліва на Палессі, існавалі «бясшкольныя мясцовасці». На заходнебеларускіх землях у 1938/39 навучальным годзе не наведвалі школы больш за 100 тыс. дзяцей. З прыкладна 400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, да 1939 года не засталося ні адной. Доступ да вышэйшай адукацыі і навукі для беларусаў быў практычна закрыты. У Віленскім універсітэце колькасць беларускіх студэнтаў не перавышала 3%.
Жорстка праследавалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся больш за 20 беларускіх газет і часопісаў, то ў 1930-я іх засталося восем. Усе яны праходзілі жорсткую цэнзуру. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных устаноў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні. Беларусы не дапускаліся на дзяржаўныя пасады, у армію, паліцыю, яны фактычна лічыліся людзьмі другога сорту.
Канцлагер Бяроза-Картузская і фільтрацыйныя лагеры
Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада было прымушэнне, а часта і тэрор. Звычайнай з’явай былі масавыя рэпрэсіі паліцыі ў адносінах да насельніцтва ў час карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх выступленняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы. Для ізаляцыі «грамадска небяспечных элементаў» выкарыстоўваліся турмы. У канцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1,3 тыс. палітычных зняволеных.
У 1934 годзе быў створаны канцлагер Бяроза-Картузская, праз які за пяць гадоў існавання, паводле няпоўных даных, прайшлі да 10 тыс. вязняў. Туды без суда і следства адпраўлялі людзей, якія выказвалі нязгоду з польскай уладай. Зняволенымі былі пераважна людзі з Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і цэнтральнай часткі Польшчы. Лагер вызначаўся асаблівай жорсткасцю. Зняволеных тыднямі марылі голадам і холадам у цёмным карцары. У невялікіх камерах з цэментнай падлогай утрымлівалася па 40 чалавек. Перамяшчацца па лагеры можна было толькі бягом. Паліцэйскія часта здзекваліся з вязняў. Галоўнай задачай было зламаць людзей псіхалагічна і фізічна, сцерці як асобу.
Няскораныя «крэсы»
Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам. На працягу 20 гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якая ў розны час прымала розныя формы, але ніколі не спынялася. Нярэдкімі былі выступленні рабочых і сялян.
У пачатку 1920-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі разгарнуўся актыўны ўзброены партызанскі рух. Прычым на Гродзеншчыне і Беласточчыне ён праходзіў пад кіраўніцтвам партыі беларускіх эсэраў, а на Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне на чале яго стаялі камуністы. Барацьба набыла масавы характар. Паводле афіцыйных даных, у 1922 годзе было праведзена 878 партызанскіх аперацый, у 1923-м — 503. Партызанскі рух быў падаўлены польскімі ўладамі з вялікай цяжкасцю толькі ў другой палавіне 1925 года.
У 1925-м узнікла Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). Яе праграма мела цалкам канкрэтныя патрабаванні. Размова ішла аб самавызначэнні Заходняй Беларусі, аб’яднанні яе з БССР, стварэнні сялянска-рабочага ўрада, канфіскацыі памешчыцкіх зямель і пераходзе іх ва ўласнасць дзяржавы і інш. У 1927 годзе налічвалася больш за 2 тыс. пярвічных арганізацый (каля 120 тыс. чалавек). Адказам польскіх улад на кансалідацыю стала забарона ў 1927-м БСРГ і рэпрэсіі ў адносінах да яе кіраўнікоў.
Вялікі ўклад у нацыянальна-вызваленчы рух унесла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Пры гэтым меры ў адказ польскіх улад былі стандартнымі: любыя народныя выступленні жорстка падаўляліся з дапамогай карных экспедыцый.
Вызваленчы паход Чырвонай Арміі і ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР
1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка рухацца ўглыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну.
У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Германскае кіраўніцтва, спасылаючыся на Дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня 1939 года ў Маскве (пакт Молатава — Рыбентропа), падганяла савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы. Але Сталін адцягваў выступленне. І толькі калі польская армія ў цэлым была разбіта і практычна ўсе этнічныя польскія тэрыторыі заняты нямецкімі войскамі, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу.
Перамяшчэнне савецкіх войскаў ішло хутка: 18 верасня яны занялі Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня — Пружаны і Кобрын. Большасць падраздзяленняў Войска польскага здавалася без бою. Пры гэтым некалькі дзён прадаўжалася бітва за Гродна. Супраціўленне тут аказалі каля 3 тыс. салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. 20 верасня горад быў узяты, а 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток.
У цэлым жа тыя часці, аснову якіх складалі этнічныя ўкраінцы і беларусы, пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. Іх адразу ж распускалі па дамах. Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фармаванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб’екты.
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў ваяводствах і павятовых цэнтрах пачалі фарміравацца органы новай улады. У гарадах імі сталі часовыя ўправы, а ў мястэчках і вёсках — сельскія камітэты. Менавіта яны заняліся ажыццяўленнем першых пераўтварэнняў, а потым арганізацыяй выбараў дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вырашыць асноўныя пытанні дзяржаўнага ладу. Выбары ў Сход прайшлі 22 кастрычніка 1939 года.
Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада 1939 года пазачарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР першага склікання вырашыла задаволіць просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР з аб’яднаннем яе з Беларускай ССР. Заключным заканадаўчым актам стала прыняцце пазачарговай III сесіяй Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года закона «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».
У выніку прыняцця гэтых гістарычных дакументаў была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, аб’яднаны беларускі народ. Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль у два разы. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. У гэтых рэгіёнах пачаліся радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, ажыццяўлялася калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Карэнныя змяненні адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Актывізавалася работа па ліквідацыі непісьменнасці, прычым навучальныя ўстановы ствараліся для розных этнічных груп насельніцтва. Адкрываліся тэатры, кінатэатры, дамы культуры, бібліятэкі. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з’явілася беларускамоўная перыёдыка.
Увекавечаная памяць, якая захоўвае гісторыю
Памяць аб падзеях 1921-1939 гадоў жыве не толькі на старонках падручнікаў і кніг, але і на вуліцах нашых гарадоў. Восенню 1939 года ў Брэсце каля ўвахода ў гарадскі парк з’явілася брацкае пахаванне загінулых байцоў Чырвонай Арміі. На год пазней у Гродне быў устаноўлены помнік воінам-вызваліцелям.
У 1962 годзе на ўскраіне горада Бяроза быў устаноўлены чатырохгранны бетонны абеліск, які ўвекавечыў памяць вязняў польскага канцэнтрацыйнага лагера Бяроза-Картузская. У 2021 годзе ён быў рэканструяваны. Цяпер да мемарыяла вядзе дарожка, выкладзеная шасціграннай пліткай — трылінкай. Такую рабілі вязні лагера. За некалькі метраў ад абноўленага помніка ў будынку так званых чырвоных казармаў стварылі музейную экспазіцыю. Менавіта там знаходзіўся канцлагер.
У гонар 17 верасня называюць вуліцы і праспекты. Згодна з данымі Нацыянальнага кадастравага агенцтва, па стане на 2022 год налічвалася 167 элементаў дарожна-транспартнай сеткі, якія маюць імя 17 Верасня. Але ўжо ў верасні 2024-га іх колькасць павялічылася да 181.
Расце і колькасць манументаў. Так у 2021 годзе ў Магілёве адкрылі памятны знак, прысвечаны Дню народнага адзінства. У 2023 годзе быў адкрыты памятны знак «Рубеж» у аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён размешчаны на месцы, дзе да 1939 года пралягала граніца паміж БССР і Польшчай.
На сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю 17 верасня 2025 года Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што трэба больш расказваць перадгісторыю паходу Чырвонай Арміі. «Расказваць, перапыніўшы гады маўчання аб тым, які цяжкі след пакінула польская ўлада на землях, адарваных ад нашай савецкай рэспублікі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нашы людзі павінны ведаць, што беларусаў рабавалі, пакуль этнічная Польшча працвітала, квітнела, што нашы рэсурсы вывозіліся, а селянін, які працаваў на знос за капейкі, жыў у галечы і пад страхам бізуна. І гэты бізун апускаўся на кожнага, хто спрабаваў змагацца за сваю веру, мову, сваю культуру». «Мы ўсе павінны памятаць, што польскія турмы былі перапоўнены беларускімі патрыётамі, што нацыя знішчалася і духоўна, і фізічна — самым жорсткім спосабам», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Гістарычнае значэнне ўз’яднання беларускага народа
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР стала важнейшай гістарычнай вяхой для ўсяго беларускага народа, ліквідавала пагрозу паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, а таксама дало магутны імпульс кансалідацыі беларускай нацыі. Здабытае нацыянальнае адзінства паслужыла важнейшай перадумовай для імклівага дзяржаўнага развіцця, агульнага паступальнага руху да прагрэсу.
Гісторыя наглядна даказвае, што існаванне моцнай дзяржавы немагчыма без захавання гістарычнай памяці, без глыбокай павагі і любові да продкаў, якія ахвяравалі сабой дзеля нас, дзеля адзінай і непадзельнай Беларусі. Сёння мы аддаём даніну памяці ўсім, хто самааддана адстойваў права беларусаў «людзьмi звацца». Дзякуючы ім мы маем магчымасць самастойна будаваць знешнюю і ўнутраную палітыку нашай дзяржавы на аснове сваіх інтарэсаў.
Для беларускага народа з’яднанасць і адзінства ўяўляюць сабой не абстрактныя паняцці, а з’яўляюцца рэальнай магчымасцю пераадольваць цяжкія гістарычныя выпрабаванні дзеля захавання сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. У сучасных умовах гатоўнасць грамадзян кансалідавацца дзеля агульнанацыянальных мэт выступае галоўным залогам стабільнага развіцця краіны і ўмацавання яе суверэнітэту, у той час як непарушнасць дзяржаўных граніц служыць надзейным гарантам мірнага і бяспечнага жыцця.
Пяць гадоў таму, у першы Дзень народнага адзінства, прымаючы ўдзел у форуме патрыятычных сіл «Сімвал адзінства», Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значэнне новага свята: «Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак. Уся наша гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала найстаражытнейшую мудрасць: сіла ў адзінстве».






