Сям’я з Касцюковіцкага раёна стала пераможцам праекта «Уладар сяла — 2026»
11 ліпеня, Александрыя . Пераможцам рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2026» стала сям’я Сікорскіх з Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Вынікі фіналу падвялі на свяце «Александрыя збірае сяброў», якое праходзіць сёння ў Шклоўскім раёне,
Аляксандра і Ілья Сікорскія паказалі найлепшыя рэзультаты па выніках усіх конкурсных этапаў фінальнага спаборніцтва. Сям’я прадэманстравала не толькі прафесійныя навыкі ў вядзенні сельскай гаспадаркі, але і моцныя сямейныя традыцыі, што стала вызначальным фактарам для журы.
«Мы падводзім вынікі цудоўнага конкурсу, на якім умацоўваюцца многія цудоўныя традыцыі. І самае галоўнае — традыцыя моцнай беларускай сям’і, маладой сям’і з вялікай колькасцю дзяцей. Яны сапраўды дэманструюць не толькі свае творчыя таленты: яны знаходзяць час, каб выхоўваць дзяцей, каб рэалізоўваць сябе як прафесіяналы», — сказаў першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка.



Паводле слоў міністра адукацыі Андрэя Іванца, свята «Александрыя збірае сяброў» з’яўляецца традыцыйным і сімвалічным. «Менавіта тут мы можам яшчэ раз адчуць наша адзінства, нашу любоў да малой радзімы і тыя каштоўнасці, якія падтрымлівае наш Прэзідэнт — моцная сям’я, дзеці, моладзь, падтрымка рэгіёнаў», — звярнуўся ён да ўдзельнікаў.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Якоўчыц падкрэсліў, што ўдзел у праекце — гэта неацэнны ўклад у захаванне гістарычнай каштоўнасці вёскі, а ўдзельнікі — самыя смелыя, працавітыя і творчыя людзі.
Аб’яўляючы імёны пераможцаў, першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі сказаў: «На працягу паўгода праходзілі нашы конкурсныя іспыты, больш за 600 удзельнікаў, і толькі 6 сем’яў на сцэне — лепшых з лепшых, якія даказваюць, што жыць у вёсцы — гэта модна і моладзі гэта падабаецца».
Сям’я Сікорскіх прызналася, што перамога стала для іх нечаканасцю. Паводле слоў Ільі, спаборнічаць было цяжка, таму што ўсе сем’і аказаліся вельмі моцнымі сапернікамі. «Гэта тыя самыя сем’і, якія прадстаўляюць нашу рэспубліку, таму што любяць працу на зямлі, любяць дзяцей і захоўваюць свае сямейныя каштоўнасці. І тое, што нас аб’явілі пераможцамі, — гэта вялікая нечаканасць, мы не разлічвалі стаць лепшымі. Гэта яшчэ большы стымул працаваць на карысць нашай краіны», — падзяліўся ён.




На пытанне, за кошт чаго ім удалося апярэдзіць іншых дастойных удзельнікаў, Ілья адказаў коратка: «Мы проста рабілі тое, што нам падабаецца». А вось гаворачы пра эмоцыі пасля аб’яўлення вынікаў, Ілья адзначыў, што да гэтага часу знаходзіцца ў стане шоку: «Мы яшчэ не адышлі, таму цяжка сказаць, якія эмоцыі адчуваем. Вядома, гэта вельмі радасна і нечакана».
Аляксандра Сікорская пажадала беларускім сем’ям мірнага неба над галавой, сямейнага дабрабыту, шчасця і здаровых дзяцей.
Фота Максіма Гучака






