Ісачанка аб Шклоўскім раёне: падыходы, якія адпрацоўваюцца тут, можна прымяняць і ў іншых рэгіёнах
2 верасня, Магілёў . Тыя падыходы, якія прымяняюцца ў Шклоўскім раёне, можна прымяняць і ў іншых рэгіёнах. Такое меркаванне журналістам выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка па выніках даклада Прэзідэнту,
Сярод тэм, якія абмяркоўваліся ў час даклада, — развіццё Дрыбінскага і Шклоўскага раёнаў. Апошні разгледзелі больш дэталёва.
«Прэзідэнт цікавіўся Шклоўскім раёнам, выкананнем яго даручэнняў. Таксама пагаварылі аб Дрыбінскім раёне, усе рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты, трэба на сённяшні дзень бегчы крыху хутчэй, каб іх увасобіць у жыццё», — сказаў Анатоль Ісачанка.
Ён адзначыў, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі трэба зрабіць Шклоўскі раён паказальным. «Сёння мы ў гэтым напрамку актыўна працуем — гэта і сельгастэхніка, і малаказавод, і льнозавод. Гэта самастойныя прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць. Гэта і «Жылкамгас», і ПМК, таксама шэраг іншых прадпрыемстваў, — акцэнтаваў старшыня аблвыканкама. — Шклоўскі раён павінен быць паказальным для іншых, каб іншыя рэгіёны капіравалі гэты вопыт і працавалі па ім. Зразумела, што ёсць розныя раёны па памерах, насельніцтве. Абсалютна дакладнага капіравання не будзе, але тыя падыходы, якія адпрацоўваюцца на Шклоўскім раёне, можна прымяняць і ў іншых рэгіёнах».
Таксама абмеркавалі, як ідзе работа аграрных прадпрыемстваў раёна — ААТ «Новагарадзішчанскае», ААТ «Любінічы-Агра», ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец», ЗАТ «Вялікія Славені» (раней былі ў складзе аграхолдынга «Купалаўскае», які ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта). «На сённяшні дзень гэта ўсе самастойныя гаспадаркі, дзе ёсць кіраўнік, структура, штат. Гэтыя прадпрыемствы самастойна могуць вырабляць прадукцыю, могуць зарабляць і спакойна жыць, забяспечваць і заработную плату, і будаўніцтва жылля, і іншыя ўмовы, якія неабходны, каб гаспадаркі развіваліся, — расказаў Анатоль Ісачанка. — Яны паказваюць нядрэнны вынік. І тыя інвестыцыі, якія ўкладваюцца ў гэтыя сельгаспрадпрыемствы, даюць рэзультат. Там павысілася ўраджайнасць, павысілася вытворчасць прадукцыі мяса і малака».
Яшчэ адным даручэннем Прэзідэнта па выніках наведвання Дрыбінскага раёна стала маштабаванне вопыту па ўтрыманні племянных ферм. Як адзначыў Анатоль Ісачанка, будаўніцтва такой фермы цяпер ідзе ў рэгіёне. «У выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы мы будуем сёння племянную ферму па развядзенні мясных парод жывёлы. І я думаю, недзе ў кастрычніку мы пачнём туды ставіць жывёлу. Гэта будзе менавіта племянная ферма і племпродаж», — падкрэсліў ён.
«Былі абмеркаваны і кадравыя пытанні, гэта датычыцца не толькі ўзроўню раёнаў, але і кіраўнікоў гаспадарак. Тут няма ніякай тэрміновасці для прыняцця рашэнняў. Ратацыя кадраў заўсёды ёсць, і мы працуем у гэтым напрамку, — сказаў старшыня аблвыканкама. — Ёсць кадравы рэестр, мы ўносім прапановы. Тое, што датычыцца ўзроўню кіраўніка дзяржавы, — на ўзгадненне. Тое, што датычыцца ўзроўню аблвыканкама, — мы самі прымаем рашэнні».






