Сабаленка і Сінер узначальваюць сусветныя тэнісныя рэйтынгі
Арына Сабаленка. Фота з архіва НАК Беларусі 4 мая, Мінск . Беларуска Арына Сабаленка не змагла абараніць чэмпіёнскі тытул у Мадрыдзе, але па-ранейшаму ўпэўнена ўзначальвае рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA),
Пасля паражэння ў чвэрцьфінале мадрыдскага турніру першая ракетка планеты страціла амаль тысячу рэйтынгавых ачкоў, і цяпер у яе 10 110 балаў. Алена Рыбакіна з Казахстана, якая ідзе другой, скараціла адставанне да 1555 балаў і да таго ж апярэджвае беларуску ў чэмпіёнскай гонцы. На трэцюю пазіцыю ўзнялася польская тэнісістка Іга Свёнтак. Беларуска Аляксандра Сасновіч страціла 11 пазіцый, апусціўшыся на 120-е месца. Ірына Шымановіч займае 187-е месца, Вікторыя Азаранка, якая даўно не гуляе ў афіцыйных турнірах, знаходзіцца на 215-м радку. На гэтым тыдні вядучыя тэнісісткі выступяць на турніры WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам $6,9 млн. Сёння ў паядынку першага кваліфікацыйнага раўнда Аляксандра Сасновіч будзе сапернічаць з аўстрыйкай Юліяй Грабер, якая займае 121-е месца ў сусветным рэйтынгу. Год таму пераможцай спаборніцтваў на грунтавых кортах італьянскай сталіцы стала італьянка Жасмін Пааліні, якая перамагла ў вырашальным матчы амерыканку Коры Гаўф — 6:4, 6:2.
Першая дзясятка рэйтынгу WTA:
1. Арына Сабаленка (Беларусь) — 10 110 ачкоў.
2. Алена Рыбакіна (Казахстан) — 8555.
3. Іга Свёнтак (Польшча) — 6948.
4. Коры Гаўф (ЗША) — 6749.
5. Джэсіка Пегула (ЗША) — 6136.
6. Аманда Анісімава (ЗША) — 5985.
7. Міра Андрэева (Расія) — 4181.
8. Жасмін Пааліні (Італія) — 3722.
9. Вікторыя Мбока (Канада) — 3531.
10. Эліна Світоліна (Украіна) — 3530.
На чале мужчынскага рэйтынгу трыумфатар Mutua Madrid Open італьянскі тэнісіст Янік Сінер, у якога 14 350 ачкоў, другім ідзе іспанец Карлас Алькарас (12 960), тройку лідараў замыкае прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў (5805). Лепшы з беларускіх тэнісістаў Эрык Аруцюнян знаходзіцца на 581-й пазіцыі.






