«Поезд Перамогі» ў Мінску: жывая гісторыя Вялікай Айчыннай вайны
2 ліпеня, Мінск . Перасовачны музей «Поезд Перамогі» прыбыў у Мінск, які стаў фінальным пунктам яго маршруту па Беларусі. Урачысты мітынг з нагоды адкрыцця экспазіцыі прайшоў на станцыі «Мінск-Пасажырскі» напярэдадні Дня Незалежнасці,
У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, першы намеснік начальніка дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка» Аляксандр Харашэвіч, ветэраны і работнікі БЧ, выхаванцы Дзіцячай чыгункі, прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў, моладзь і грамадскасць. Урачыстую атмасферу стварылі выступленні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь — узорна-паказальнага аркестра ансамбля Інстытута пагранічнай службы і творчых калектываў культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення БЧ.
Як адзначыў Андрэй Стрыгельскі, асабліва сімвалічна, што «Поезд Перамогі» прыбыў у сталіцу менавіта напярэдадні 3 ліпеня, даты вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Гэта ўнікальны праект, які нікога не пакідае абыякавым. Ён знаёміць кожнага наведвальніка з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, расказвае, якім складаным, кровапралітным, але гераічным спосабам была заваявана Вялікая Перамога. Мы абавязаны захоўваць гэту памяць, каб такая трагедыя ніколі не паўтарылася», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Харашэвіч адзначыў, што прыбыццё «Поезда Перамогі» ў Беларусь ужо стала добрай традыцыяй. Пяты раз ужо мы прымаем гэты ўнікальны праект, які нагадвае аб подзвігу пакалення пераможцаў і перадае гістарычную памяць моладзі», — сказаў ён.
Асаблівае ўражанне на ўдзельнікаў мерапрыемства зрабіла выступленне былой непаўналетняй вязніцы Галіны Рамановіч. Яна заклікала моладзь вывучаць гісторыю сваёй краіны і памятаць пра трагедыю вайны. «Дзе б мы ні былі, толькі тут мы дома. Вывучайце гісторыю, беражыце мір, паважайце старэйшае пакаленне. Мы верым у моладзь і спадзяёмся, што яна захавае памяць аб Вялікай Перамозе», — звярнулася яна да прысутных.
Гісторыка-асветны і грамадска-патрыятычны праект «Поезд Перамогі» БЧ рэалізуе сумесна з ААТ «Расійскія чыгункі» пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта. У 2021-м, 2022-м, 2024-м і 2025 гадах экспазіцыю наведалі больш як 137 тыс. жыхароў краіны.
У бягучым годзе, прысвечаным 81-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перасовачны музей пабываў ужо ў Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску і Баранавічах.
Экскурсавод праекта, студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Юлія Кавалевіч, якая працуе на праекце другі год запар, прызналася, што кожны паказ становіцца эмацыянальным выпрабаваннем. «Кожная частка экспазіцыі выклікае розныя пачуцці — ад страху і болю да радасці Перамогі ў фінале. Моладзі вельмі важна бачыць такія праекты, каб разумець цану міру і памятаць аб трагедыі вайны», — сказала яна.
У сталіцы «Поезд Перамогі» будзе адкрыты для наведвальнікаў на працягу чатырох дзён. Унікальная мультымедыйная экспазіцыя, размешчаная ў чыгуначных вагонах, з дапамогай сучасных тэхналогій і рэалістычных мастацкіх вобразаў узнаўляе ключавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дазваляючы наведвальнікам літаральна прайсці яе дарогамі.
Фота Андрэя Сіняўскага






