Культура

Першая круглая дата, прыезд прэзідэнтаў трох краін. Чым запомніўся «Славянскі базар — 2001»

20 чэрвеня, Віцебск . Да пачатку юбілейнага XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося 26 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзень у архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю. Сёння — пра фестываль 2001 года.

Для «Славянскага базару» 10-годдзе, якое адзначаецца ў 2001 годзе, стала значнай датай. У фестывальную сталіцу ўпершыню прыбылі прэзідэнты адразу трох краін — Беларусі, Расіі і Украіны. Сустрэча «без гальштукаў» да адкрыцця фестывалю адбылася ў рэзідэнцыі беларускага лідара ў «Крупеніне».

«Славянскі базар» упершыню стаў пляцоўкай для правядзення Дня дружбы братэрскіх народаў Расіі, Беларусі і Украіны. Гэтай падзеі быў прысвечаны гала-канцэрт.

Запамінальнай падзеяй стаў канцэрт «Славянскаму базару — 10 гадоў», на якім выступілі ўладальнікі Гран-пры ўсіх папярэдніх фестываляў. Дарэчы, у 2001 годзе запаветны прыз заваявала прадстаўніца Расіі, стаўшы лепшай сярод 20 прэтэндэнтаў з 17 краін.

У гала-канцэрце ўрачыстага адкрыцця прынялі ўдзел артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Польшчы, Японіі і многіх іншых дзяржаў. Наперакор прагнозам сіноптыкаў, якія абяцалі добрае надвор’е, 19 ліпеня ў Віцебску нечакана пачаўся лівень. А вось у іншыя дні жыхары і госці фестывальнай сталіцы даведаліся, што такое спякотнае лета — тэмпература паветра падымалася да +30 градусаў, а аднойчы паказанні тэрмометра ў цені выдалі небывалую лічбу +36 градусаў.

На юбілейны фестываль з’ехаліся прадстаўнікі 39 краін, упершыню на ім пабывалі артысты з Казахстана, Эстоніі, Мальты. Маштабны форум умясціў 120 культурна-масавых мерапрыемстваў. У Віцебску працавалі 16 канцэртных пляцовак «Славянскага базару». Летні амфітэатр прыняў 18 канцэртаў, іх паглядзелі больш за 85 тыс. гледачоў. Каля 900 юных зорачак, якія прадстаўлялі 12 краін, сталі ўдзельнікамі Міжнароднага конкурсу дзіцячых праграм.

Алег Газманаў адзначыў на фестывалі 50-годдзе. На канцэрце ў гонар юбілею ён праляцеў на канаце над глядзельнай залай і прызямліўся з 30-метровай вышыні на надзьмутую падушку на сцэне, а ў канцы выступлення выкаціў вялізны торт са свечкамі.

Яшчэ адзін сюрпрыз публіцы паднесла Надзея Бабкіна. Яна выехала на сцэну на матацыкле.

На 10-м фестывалі прайшла самая шырокая тэатральная праграма, гледачы ўбачылі 12 спектакляў, прайшлі прэзентацыі дзевяці выстаў. На адной з іх, «Жывыя традыцыі рускай Поўначы», прадставілі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з калекцый музеяў Архангельскай вобласці і Расійскага Дома народнай творчасці (цяпер гэта Дзяржаўны Расійскі дом народнай творчасці імя Паленава). Наведвальнікі змаглі ацаніць хараство святочных жаночых і дзявочых касцюмаў, вырабаў з бяросты, лыка, дрэва, а таксама ўзоры шытва з абрэзкаў і ткацтва.

Асаблівасцю кірмашу майстроў у 2001 годзе стала больш шырокае прадстаўленне беларускай нацыянальнай кухні, разнастайных гульнявых праграм, у якіх прынялі ўдзел цыганскі ансамбль і артысты цырка.

Новым папулярным «атракцыёнам» для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю стала караоке. У дні «Славянскага базару» было прададзена 13 т вырабленага толькі ў Віцебску марожанага.

Асвятлялі падзеі юбілейнага фестывалю 100 выданняў і інфармагенцтваў. Канцэрты трансліраваліся тэлекампаніямі Беларусі, Расіі і Украіны.

У 2001 годзе фестываль значна падрос. Пастаянную прапіску на віцебскім культурным форуме атрымалі не толькі конкурсныя праграмы, але і такія віды мастацтва, як класічная музыка і джаз, народная творчасць і фальклор, тэатр і кіно.

За першае дзесяцігоддзе арганізатары форуму падвялі некаторыя вынікі. За галоўны прыз конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні за гэты час спаборнічалі 173 артысты з 25 краін. Мастакі, спевакі, кінематаграфісты з 46 краін прыязджалі ў Віцебск, каб падзяліцца сваім майстэрствам. На сцэнічных і выставачных пляцоўках «Славянскага базару» адбыліся каля 900 канцэртаў, спектакляў, паказаў, прэзентацый, свят, якія наведалі амаль 2 млн чалавек.

Народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг (цяпер гэта Нацыянальны Акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга) у адным з інтэрв’ю выказаў сваё меркаванне аб культурным форуме: «Гэта цудоўны фестываль, вельмі складаны ў падрыхтоўцы і правядзенні. І наша рэспубліка можа ганарыцца, што такое ўнікальнае свята праходзіць у Віцебску ўжо дзясяты раз».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»