Нясе ў свет прыгажосць. Мастачка аб сіле мастацтва, малой радзіме і творчасці, якая пачынаецца з жадання ўзяць пэндзаль
Юлія Коба Юлія Коба — творчы рознабаковы чалавек. Яна валодае многімі тэхнікамі пачынаючы ад алейнага жывапісу і інтэр’ернага сценапісу да роспісу па шоўку. У большасці яе работ часцей за ўсё ажываюць пейзажы беларускай прыроды, букеты кветак і нацюрморты. Акрамя таго, мастачка выкладае ва ўласнай арт-студыі і займаецца дабрачыннасцю. Яе карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Даведаліся ў нашай гераіні аб ролі малой радзімы ў яе жыцці і творчасці, а таксама аб тым, чаму штучны інтэлект ніколі не заменіць мастака.
Маляваць Юлія Коба пачала яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі бачылі захапленне дачкі і ва ўсім яе падтрымлівалі: куплялі ёй алоўкі, акварэль. Вялікі ўплыў на яе аказала атмасфера, якая панавала ў доме бабулі і дзядулі. Сваёй малой радзімай мастачка лічыць вёску Гажын у Нараўлянскім раёне, дзе працякае рака Славечна. У гэтых мясцінах яна рабіла свае першыя крокі як у жыцці, так і ў творчасці. Тут жылі бабуля і дзядуля нашай гераіні, да якіх яна прыязджала, каб дапамагчы па гаспадарцы, атрымаць асалоду ад свежага паветра, водару траў і кветак. У гэтай вёсцы Юлія сустрэла і свайго будучага мужа.
— Я часта бывала летам на Гомельшчыне, у нашым Беларускім Палессі. У доме бабулі і дзядулі было вельмі шмат розных вышыванак і падзораў на ложку з кветкавымі матывамі. Можна сказаць, што кветкі ў маім жыцці прысутнічаюць з самага дзяцінства, — расказвае Юлія Коба і прызнаецца, што больш за ўсё ёй падабаецца пісаць карціны ў вёсцы.
Першая экспазіцыя карцін нашай гераіні адбылася ў 2007 годзе на выставе рамеснікаў у Мінску. Пазней былі калектыўныя, персанальныя, рэспубліканскія і міжнародныя форумы. Некаторыя з іх мастачка курыравала сама. Першымі пакупнікамі работ былі сваякі, а затым карціны сталі набываць адразу на выставах.
Разуменне таго, што творчасць запатрабавана ў людзей, да мастачкі пачало прыходзіць у час персанальных выстаў. Гледачы прызнаваліся, што карціны Юліі знаходзяць водгук у іх душы. Адны адзначалі, што адчуваюць фізічную цеплыню ад яе работ, а другія настолькі пранікаліся, што не маглі стрымаць слёз, гледзячы на маляўнічыя пейзажы.
У яе творчасці пераважаюць карціны з кветкамі — іх яна лічыць сваёй візітнай карткай. Напрыклад, летам на яе палотнах з’яўляюцца півоні, гартэнзіі, хрызантэмы, вясной — заўсёды бэз, які асабліва дарагі Юліі.
Юлія не падлічвала, колькі карцін яна напісала за ўвесь час. Работы бываюць рознага фармату: ад невялікіх эцюдаў да метровых палотнаў. Звычайна персанальная выстава мастачкі ўключае не менш як 40 карцін, а экспазіцый за гады творчасці было нямала.
У 2018 годзе Юлія заснавала арт-студыю «Охра», у якой сёння выкладае. Ідэя стварыць творчую прастору ўзнікла ў мужа нашай гераіні, калі да іх дадому сталі часта прыходзіць людзі з просьбай навучыць пісаць карціны.
А нядаўна Юлія прыняла ўдзел ва ўнікальным праекце крыла прадпрымальнікаў Мінска і Мінскай вобласці Беларускага саюза жанчын, — адкрыццё ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі спецыялізаванай прасторы «Матулiн пакой». Жанчыны, якія знаходзяцца з дзецьмі на лячэнні, могуць скарыстацца ў ім касметалагічнымі паслугамі, адпачыць і проста ненадоўга пераключыцца.
Над афармленнем сцен у «Матулiным пакоi» Юлія працавала каля тыдня. Ёй хацелася стварыць у памяшканні атмасферу утульнасці і цеплыні. Намаляваныя кветкі тут не толькі ўпрыгожваюць прастору, але і выступаюць элементамі арт-тэрапіі.
Юлія Коба — гераіня нашага праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся ў яе аб захапленні маляваннем і любові да малой радзімы. А таксама пагаварылі аб ролі дабрачыннасці ў яе творчым шляху.






