Не менш як 1,1 млн тон збожжавых каласавых маюць намер атрымаць у Гомельскай вобласці на жніве-2026
Фота з архіва 23 чэрвеня, Гомель . Не менш як 1,1 млн тон збожжавых каласавых маюць намер атрымаць у Гомельскай вобласці на жніве-2026. Такія даныя агучыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў размове з журналістамі па выніках даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку,
«Тэма сельскагаспадарчая — адна з важнейшых. Прэзідэнт заўсёды звяртае на гэта ўвагу і заўсёды цікавіцца станам спраў. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб бягучай сітуацыі (у рэгіёне. — Заўвага ). Цяпер заканчваецца нарыхтоўка кармоў — засталося крыху менш як 10 працэнтаў убраць траў. І ў гэтым годзе вынік вельмі добры. Фактычна больш як 6,5 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву нарыхтавана. Прырост 2,5 ц кармавых адзінак, або амаль 200 працэнтаў у фізічным аб’ёме нарыхтавана сенажу да ўзроўню мінулага года. У гэтым пытанні Прэзідэнт вельмі ўважліва папрасіў аднесціся да якасці кармоў, паглядзець за тэхналогіяй, кантролем на ўсіх стадыях нарыхтоўкі, каб кармы былі пажыўнымі», — расказаў Іван Крупко.
Цікавіла Прэзідэнта і тэма стану азімых культур, яравых збожжавых, з якімі вынікамі рэгіён падыходзіць да ўборкі. «У гэтым годзе не было веснавых узрушэнняў — замаразкаў і гэтак далей. Стан азімых збожжавых, азімага рапсу, яравой сяўбы дастаткова добры для зямель Гомельскай вобласці. І мы ў гэтым годзе спадзяёмся атрымаць 1,1 млн — 1,15 млн т збожжавых каласавых і каля 100 тыс. т рапсу. Усе асноўныя пытанні, і работы па доглядзе, і падкормкі, завершаны. Цяпер ідзе работа па падрыхтоўцы камбайнаў, сушыльнага комплексу, звёнаў да ўборкі», — адзначыў кіраўнік вобласці.
Як лічыць старшыня аблвыканкама, калі захаваецца цяперашні тэмпературны рэжым і ападкі — іх хопіць для харчавання і яравых, і збожжавых азімых.
Іван Крупко звярнуў увагу, што ў першую чаргу падыдзе азімы ячмень. «І мы разлічваем, што да 10 ліпеня павінны быць гатовы да ўборкі ўжо азімага ячменю. На сёння гатоўнасць парку камбайнаў — 80 працэнтаў, гатоўнасць сушыльных комплексаў — 85 працэнтаў. Запчасткамі мы забяспечаны. «Гомсельмаш» на тэрыторыі Гомельскай вобласці, і выбудавана сур’ёзная работа па даручэнні кіраўніка дзяржавы аб пастаўцы запасных частак з адтэрміноўкай плацяжоў. Усе гэтыя моманты выраўнавалі. Думаю, да 1 ліпеня гатоўнасць камбайнаў будзе каля 90 працэнтаў. І гэтага аб’ёму тэхнікі дастаткова, каб убраць плошчы азімага ячменю», — дадаў кіраўнік вобласці.
«Спадзяёмся, што вынік парадуе нашых аграрыяў. Будзе стымул для далейшай якаснай, тэхналагічнай работы. Каб атрымліваць добрыя ўраджаі і развіваць сельскую гаспадарку», — рэзюмаваў Іван Крупко.
Фота Марыны Васільевай






