Спорт

Этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па сучасным пяцібор’і сабраў у Магілёве каля 250 дзяцей

2 кастрычніка, Магілёў . У спартыўным комплексе «Алімпіец» праходзяць І і ІІ этапы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па дысцыплінах сучаснага пяцібор’я «Дай пяць!»,

У спаборніцтвах прымаюць удзел каля 250 дзяцей з розных куткоў Магілёўскай вобласці. Галоўная мэта спаборніцтваў — адабраць лепшых юных спартсменаў з розных школ рэгіёна для ўдзелу ў рэспубліканскім фінале.
Як адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога навучальна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Віталь Поклад, мерапрыемства праводзіцца пад эгідай рэспубліканскага прэзідэнцкага клуба «Дай пяць» і накіравана на папулярызацыю гэтага віду спорту. «Сучаснае пяцібор’е — індывідуальны від спорту з характарам, які патрабуе поўнай аддачы і прафесійнай падрыхтоўкі. Ён дае вялікія рэзультаты. Мы праводзім гэтыя спаборніцтвы масава для навучэнцаў звычайных школ, якія не з’яўляюцца выхаванцамі ўстаноў спартыўнай падрыхтоўкі. Дзеці прыязджаюць, спрабуюць свае сілы, знаёмяцца з дысцыплінай. Думаю, большая частка вызначыцца і, магчыма, выбера гэты напрамак прыярытэтным», — сказаў Віталь Поклад. Ён дадаў, што рэзультаты этапу стануць падставай для фарміравання каманды Магілёўскай вобласці на трэці, заключны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія пройдуць з 10 па 12 лістапада ў Мінску на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Там пераможцы абласных этапаў вызначаць мацнейшых у краіне.
Сярод удзельнікаў — Маргарыта Грыгар’ян і яе аднакласніца Аліса Істоміна з Касцюковіч. Маргарыта захапляецца танцамі, дзюдо і футболам, а на спаборніцтвы па пяцібор’і прыехала ўпершыню. «Крыху хвалююча, раптам недзе спатыкнешся, таму страх прысутнічае. Тут мне падабаецца ўсё. Сёння хачу пабіць свой рэкорд і трапіць у тройку лідараў», — падзялілася чаканнямі школьніца. Яе сяброўка Аліса таксама дэбютуе на такіх стартах. Дзяўчына займаецца спортам, таму ставіцца да рэзультатаў спакойна. «Галоўнае не перамога, галоўнае — удзел. Тут можна пазнаёміцца ​​з новымі ўдзельнікамі і проста добра правесці час. Упэўнена, што ўсё пройдзе добра», — сказала Аліса.
Дзеці з сярэдняй школы №21 Магілёва Максім Іваноў і Мікіта Аланцьеў таксама настроены пазітыўна. Максім упэўнены ў сваіх сілах. «Настроены толькі на перамогу. Думаю, што дастойна прайду ўсе этапы, і наша школа зойме прызавое месца», — заявіў спартсмен. Для Мікіты ж галоўным адкрыццём стала стральба. «Першы раз буду страляць і правяраць сябе на меткасць. Крыху хвалююча, але цікава», — адзначыў ён. Фота Алега Файніцкага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»