Беларусь прапануе перазагрузіць падыход да прамысловай кааперацыі ў ЕАЭС
2 кастрычніка, Мінск . Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе агучыў прапановы па развіцці прамысловага патэнцыялу краін ЕАЭС,
«Прамысловасць з’яўляецца галоўным фундаментам эканамічнай стабільнасці, тэхналагічнага суверэнітэту любой дзяржавы. Наш прамысловы патэнцыял расце апераджальнымі тэмпамі і можа быць лакаматывам еўразійскай прамысловай кааперацыі. У кожнага з нас ёсць свае моцныя бакі, высокія кампетэнцыі ў той ці іншай сферы. Прыярытэтная задача — іх разумна аб’яднаць, ператварыць гэты патэнцыял у сумесныя прадукты, тэхналогіі і новыя рынкі», — сказаў Аляксандр Турчын.
Першая прапанова для рэалізацыі гэтых задач — перазагрузіць падыход да прамысловай кааперацыі. «Беларусь бачыць значны патэнцыял сумеснай работы ў машынабудаванні, вытворчасці кампанентаў і абсталявання, мікраэлектроніцы, хімічнай прамысловасці, фармацэўтыцы, біятэхналогіях, новых матэрыялах і інфармацыйных тэхналогіях. Аднак галоўным крытэрыем эфектыўнасці нашай работы павінен быць не пералік напрамкаў, а з’яўленне рэальных сумесных праектаў і прадукцыі, канкурэнтаздольнай як на рынку ЕАЭС, так і на знешніх рынках», — адзначыў прэм’ер-міністр.
У ЕАЭС першыя крокі для гэтага зроблены — трэці год дзейнічае пілотны механізм фінансавання сумесных кааперацыйных праектаў. «Разам з тым на практыцы выяўлены яго слабыя месцы: адміністрацыйная нагрузка і працяглыя працэдуры адбору праектаў ЕЭК зніжаюць прывабнасць механізма для сярэдняга бізнесу. Ёсць пытанні і да саміх праектаў — адсутнасць інавацыйнага кампанента, дубліруючыя вытворчасці. Любы праект павінен пачынацца не з пошуку фармальнай колькасці ўдзельнікаў, а з канкрэтнай эканамічнай задачы: хто будзе спажыўцом прадукцыі, якія кампетэнцыі неабходны, дзе будзе арганізавана вытворчасць і якім будзе канечны рынак. Мяркую, што падыходы да механізма фінансавання ўсіх або асобных груп кааперацыйных праектаў можна ўдасканаліць, не чакаючы завяршэння пілотнага праекта. Тым больш фінансы для гэтага ў бюджэце саюза ёсць», — звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Другая прапанова — стварыць канвеер ад навуковай ідэі да серыйнай вытворчасці. Як падкрэсліў Аляксандр Турчын, для выпуску складанай прадукцыі неабходны не толькі вытворчыя магутнасці, але і інжынерныя рашэнні, праграмнае забеспячэнне, сучасныя матэрыялы і выпрабавальная база. Сёння ў ЕАЭС ёсць навуковыя арганізацыі, інжынерныя школы, прамысловыя прадпрыемствы і фінансавыя інструменты. Але паміж распрацоўкай і прамысловым укараненнем па-ранейшаму існуе разрыў.
«Еўразійскія тэхналагічныя платформы павінны быць не пляцоўкай для абмеркаванняў, а механізмам падрыхтоўкі канкрэтнага прадукту. Вынікам могуць стаць доследны ўзор, новая тэхналогія, прамысловы заказ або гатовы вытворчы ланцужок», — дадаў прэм’ер-міністр.
Таксама ў ліку яго прапаноў — зрабіць штучны інтэлект інструментам росту прадукцыйнасці, ператварыць транспартныя калідоры ў лічбавыя вытворча-лагістычныя ланцужкі. І заключны пункт — абарона ўнутранага рынку ЕАЭС.
«Сёння неабходна інтэграцыя новага тыпу — інтэграцыя, у якой навука ведае патрэбнасць прамысловасці, фінансаванне ідзе за перспектыўным прадуктам, лічбавыя тэхналогіі павышаюць прадукцыйнасць, а лагістыка і агульны рынак забяспечваюць маштабаванне. Саюз па сваім патэнцыяле гатовы да рэалізацыі такой маштабнай задачы. Патрэбна толькі наша адзіная цвёрдая воля ісці па гэтым шляху», — зрабіў акцэнт кіраўнік беларускага ўрада.
Ён выказаў удзячнасць кіраўнікам урадаў краін ЕАЭС за тое, што падтрымалі прапанову правесці пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета ў Мінску ў адзін час з мерапрыемствамі міжнароднай прамысловай выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь». «Выстаўка становіцца новай пляцоўкай для выпрацоўкі стратэгічных напрамкаў развіцця ў прамысловай сферы на еўразійскай прасторы. Невыпадкова гэтымі днямі мы ўдзяляем так шмат увагі менавіта такому пытанню», — адзначыў Аляксандр Турчын.
Фота Андрэя Сіняўскага





