Мінскія дынамаўцы атрымалі першую перамогу ў сезоне КХЛ
19 верасня, Мінск . Мінскае «Дынама» атрымала першую перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона-2026/27,
Першы поспех прыйшоў да падапечных Сяргея Брыліна толькі ў пятым матчы рэгуляркі — на «Мінск-Арэне» «зубры» прымалі «Сібір» з Новасібірска. У стартавай трэці каманды абышліся без галоў, асноўныя падзеі разгарнуліся ў другім перыядзе. На 25-й мінуце сустрэчы Сяргей Калінін вывеў «Дынама» наперад, а незадоўга да адыходу на перапынак гаспадары вызначыліся двойчы за 80 секунд — дакладныя кідкі нанеслі Данііл Ліпскі і Нікаля Абе-Кюбель.




У заключнай трэці канадскі навічок сталічнага клуба аформіў дубль. За шэсць мінут да фінальнай сірэны «Сібір» здолела адысці ад «сухога» паражэння, пакараўшы мінчан за выдаленне. Фінальны лік — 4:1 на карысць «Дынама», абаронца нашай каманды Тай Сміт зарабіў асістэнцкі бал у пятай гульні запар.



Мінчане набралі пяць ачкоў і падняліся на сёмае месца ў Заходняй канферэнцыі. Другі і апошні паядынак дамашняй серыі сталічны клуб правядзе 20 верасня супраць «Аўтамабіліста» з Екацярынбурга. 


Фота Дзяніса Касцючэнкі






