Мінсельгасхарч: пастаўкі рыбы, агародніны і фруктаў з недружалюбных краін плануецца поўнасцю замясціць
Фота з архіва 5 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар . Пастаўкі ў Беларусь рыбы, агародніны і фруктаў з недружалюбных краін плануецца поўнасцю замясціць у бліжэйшыя пяць гадоў. Аб гэтым заявіла намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Наталля Шаўцова на панэльнай сесіі «Роля краін ЕАЭС у фарміраванні міжнародных агравытворчых рынкаў» у рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму,
«Зроблены істотны акцэнт на імпартазамяшчэнні. Я хачу сказаць, што ў наступную пяцігодку планы нашы амбіцыйныя. Мы плануем у прынцыпе замясціць узровень аб’ёму пастаўкі агародніны і фруктаў з недружалюбных нам краін, прадукцыі рыбагаспадарчай дзейнасці, рыбнай прадукцыі вытворчасцю на ўнутраным рынку і пастаўкамі з дружалюбных нам краін», — сказала Наталля Шаўцова.
Разам з тым яна адзначыла: асноўная задача, якая стаіць перад беларускімі сельгасвытворцамі на бягучую пяцігодку, — рост экспарту. «Робіцца сур’ёзны ўпор, нахіл у бок высокамаржынальных прадуктаў, эфектыўнасці вытворчасці, глыбокай перапрацоўкі. Генетыка, селекцыя, новыя напрамкі ветэрынарыі — для нас гэта ўсё важна, і мы спадзяёмся на партнёрства ў рамках нашай кааперацыі», — удакладніла намеснік міністра.
«У бягучай сітуацыі, калі кардынальна змяніліся гандлёвыя патокі, мы скарысталіся гэтай сітуацыяй і перанастроіліся. Асноўныя акцэнты, якія былі зроблены з нашага боку, — па-першае, пераарыентацыя з Захаду на Усход і Поўдзень», — расказала Наталля Шаўцова, дадаўшы, што Беларусь кратна павялічыла пастаўкі прадуктаў харчавання ў Кітай, краіны Персідскага заліва і Паўднёва-Усходняй Азіі.
На сесіі адзначалася, што сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза Беларусь мае самы высокі ўзровень самазабяспечанасці прадуктамі харчавання — больш як 95 працэнтаў. «Нягледзячы на турбулентнасць знешняй кан’юнктуры, Беларусь застаецца донарам харчовай бяспекі краін Еўразійскага эканамічнага саюза», — заявіла Наталля Шаўцова.






