Кветкавы свет з фаамірану. Выстава карцін удзельніцы праекта «Яе рук справа» адкрылася ў Мінску
28 верасня, Мінск . У гандлёвым цэнтры «Сталіца» адкрылася выстава работ мінчанкі Яўгеніі Шымчонак «Кветкавы рай». Экспазіцыя арганізавана ў ходзе праекта Беларускага саюза жанчын (БСЖ) «Яе рук справа», які раскрывае творчы патэнцыял сучасных беларусак,
З дзяцінства галоўным захапленнем Яўгеніі было стварэнне работ сваімі рукамі. Ёй асабліва падабалася дарыць другое жыццё старым і непатрэбным рэчам. На розных этапах яна засвойвала мноства напрамкаў, уключаючы жывапіс, фітадызайн, вязанне, пляценне з папяровай лазы, пап’е-машэ, а таксама стварэнне кампазіцыі з фаамірану, гофрапаперы. «Мне бліжэй прыкладная творчасць. Але я самавучка. Усё дзякуючы маім надзвычайным бацькам: маці цудоўна шые і вяжа, у яе выдатны густ, а тата проста на ўсе рукі майстар, мастацкія схільнасці мне дасталіся ад яго», — звярнула ўвагу Яўгенія Шымчонак.
Спецыяльна для праекта «Яе рук справа» яна стварыла серыю інтэр’ерных карцін, зробленых у тэхніцы 3D-аплікацыі. «Выбіраючы гэту тэматыку, я імкнулася паказаць, як рэалістычна могуць выглядаць кветкі, створаныя не прыродай, а рукамі чалавека. Мне падабаецца працаваць з фааміранам, яго яшчэ называюць «пластычнай замшай». З ім даволі лёгка: ён вельмі падатлівы, цёплы, мяккі і прыемны, кветкі з яго атрымліваюцца жывымі, прыгожымі і вытанчанымі», — растлумачыла аўтар.
Нягледзячы на насычаны графік, а працуе Яўгенія Шымчонак кансультантам упраўлення дэмаграфічнай статыстыкі і статыстыкі аховы здароўя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, знаходзіць яна час і для творчасці. «Люблю сваю работу, усё жыццё падабалася працаваць з лічбамі. Займаючыся вельмі адказнай справай, ніколі не забывала аб сваіх захапленнях: для мяне гэта своеасаблівая аддушына», — дадала яна. Яе вырабы нязменна знаходзяць водгук у людзей, а шматлікія водзывы запэўніваюць майстрыху, што праца не дарэмная.
«Дзякую за магчымасць праявіць сябе і паказаць, што мы, жанчыны, здольны на многае, — сказала Яўгенія Шымчонак. — Мы не толькі маці, якія любяць, выдатныя гаспадыні, добрыя работнікі, але і творчыя асобы, якія ствараюць прыгажосць і ўтульнасць. У нас шмат таленавітых людзей, і гэта цудоўна».
Старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская ўпэўнена, што маляўнічыя работы знойдуць водгук у сэрцы любой жанчыны: кветкі, паводле яе слоў, заўсёды павінны быць побач з прадстаўніцамі прыгожага полу. Яна адзначыла, што Яўгенія прысвяціла сябе статыстыцы ў важных для краіны напрамках і пры гэтым не пераставала развіваць творчыя здольнасці. «Самае галоўнае, што яе на гэтым шляху падтрымліваюць родныя і блізкія. Гэта дае асаблівае натхненне і клопат, дае магчымасць ствараць далей», — падкрэсліла Вольга Шпілеўская і пажадала аўтару, каб першая персанальная выстава стала стартам цэлай серыі іншых праектаў.







