Мастацтва быць сабой. Мастацкую выставу аб беларускай жанчыне прадставілі ў НББ
11 лістапада, Мінск . У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава мастацкіх работ «Беларуская жанчына: мастацтва быць сабой», прымеркаваная да Года беларускай жанчыны,
Экспазіцыю склалі 12 карцін навучэнцаў, выкладчыкаў і выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышка. Як расказала выкладчык каледжа Валерыя Еляневіч, ідэя выставы нарадзілася ў працэсе жывога дыялогу са студэнтамі.
«Мы доўга думалі, як лепш перадаць сутнасць беларускай жанчыны — праз партрэты або элементы прафесійнай дзейнасці. У выніку разам з навучэнцамі прыйшлі да таго, што нам бліжэй традыцыйная культура, рамёствы і промыслы, якімі займаліся нашы бабулі і маці. Кожная карціна — гэта асабістая гісторыя: хтосьці адлюстраваў дзіцячыя ўспаміны аб часе ў вёсцы, хтосьці прадэманстраваў сучаснае бачанне. Нягледзячы на разнастайнасць стыляў, экспазіцыя атрымалася цэласнай і вельмі роднай”, — падзялілася Валерыя Еляневіч.
Намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова падкрэсліла асаблівую значнасць Года беларускай жанчыны для грамадства. «Жанчына ў сям’і — гэта тая апора і тая цеплыня, якая выбудоўваецца на мужчынскім фундаменце. Нараджэнне дзіцяці, прадаўжэнне роду і Радзімы — гэта найвышэйшая каштоўнасць. У гэтых палотнах адлюстравана сапраўдная сутнасць беларускі: спакойнай, ураўнаважанай, з глыбокім унутраным зместам. Нашых жанчын ва ўсім свеце цэняць за натуральную, прыродную прыгажосць, якая ідзе з глыбіні душы, і аўтарам работ гэта ўдалося перадаць», — адзначыла яна.
Сваім бачаннем падзялілася і адна з удзельніц выставы, студэнтка 3-га курса Настасся Урэцкая. Яна прадставіла карціну, на якой жанчына трымае свечку як сімвал дамашняй утульнасці і цеплыні. «Для мяне жанчына — гэта перш за ўсё захавальніца ачага, маці або сястра. Я працавала над карцінай алеем каля месяца, і падтрымка выкладчыкаў у каледжы вельмі дапамагла давесці эскіз да паўнацэннай якаснай работы. У будучыні я планую прадоўжыць навучанне ў ВНУ і стаць педагогам, каб вучыць дзяцей мастацтву», — расказала мастачка.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка падзякаваў партнёрам з каледжа за шматгадовае супрацоўніцтва і адзначыў талент юных майстроў: «Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае жанчына-майстрыха, якая сваім цярпеннем стварае ўтульнасць у доме і захоўвае культурныя традыцыі. Маладым мастакам удалося праз звычайныя жыццёвыя сітуацыі перадаць пяшчоту і цеплыню жаночых рук, якім пасільна любая работа».
Азнаёміцца з работамі майстроў можна да 18 снежня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (памяшканне 164).



