Інтарэс не згасае. Восем калектываў удзельнічаюць у фінале віцебскага гарадскога конкурсу школьных тэатраў
27 красавіка, Віцебск /Алеся Пушнякова . У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры (НАДТ) імя Якуба Коласа ў Віцебску адбылося адкрыццё XXIX гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», прысвечанага 100-годдзю НАДТ,
У фінал творчага спаборніцтва выйшлі восем школьных тэатраў. Усе яны прэзентуюць пастаноўкі паводле п’ес беларускіх аўтараў і на беларускай мове. «З году ў год школьны тэатр жыве, развіваецца, у яго з’яўляюцца новыя паклоннікі і новыя ўдзельнікі. Узровень спектакляў і ігры моладзі няўхільна расце, у гэтым годзе на адборачных этапах вельмі шмат калектываў парадавала. Дзеці шчыра хочуць удзельнічаць у тэатральным жыцці, імкнуцца аказацца на прафесійнай сцэне, адчуць сябе акцёрамі. У нас у тэатры ёсць маладыя акцёры, якія пачыналі ў школьных тэатральных гуртках. Яны загарэліся гэтым, паступілі ў каледж і атрымалі гэту творчую прафесію. Але нават калі іх не завуць тэатральныя падмосткі, хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца адданымі гледачамі, таму што у тых, хто перажыў аднойчы асабісты вопыт выхаду на сцэну, тэатр пранікае ў сэрца і застаецца з ім назаўсёды», — адзначыў мастацкі кіраўнік НАДТ Канстанцін Ганчароў.

Ён дадаў, што ў час такіх конкурсаў рэжысёры практычна адразу распазнаюць у дзецях таленты. «Часам прыкметны маленькія брыльянцікі, якія потым будуць ззяць на сцэне. Удзел у школьным тэатры дапамагае дзяцям разняволіцца, пазнаць сябе, і прыемна, што інтарэс да гэтага напрамку не згасае», — падкрэсліў мастацкі кіраўнік тэатра.
Конкурс праходзіць два дні, сёння адбудуцца паказы намінантаў, а заўтра дзяцей чакаюць узнагароды. Удзельнікі спаборніцтва будуць прэтэндаваць на Гран-пры за лепшы спектакль, а таксама прадугледжаны і індывідуальныя намінацыі — за мужчынскую і жаночую ролі першага і другога плана. Акрамя таго, будзе ацэньвацца сцэнаграфія, музыка, асобны прыз уручаць за лепшую пастаноўку з рэпертуару НАДТ.
Фота Аляксандра Хітрова






