«Любоў да беларускай культуры нарадзілася разам з ёю». У Мінску прайшла сустрэча да юбілею заснавальніцы «Харошак»
17 ліпеня, Мінск . У арт-гасцёўні «Высокае мѣсца» ў рамках рэтраспектыўнай выставы «Харошкі. Жыццё на сцэне» прайшла творчая сустрэча «Валянціне Гаявой 90 гадоў»,
На сустрэчы члены Мінскага гарадскога Беларускага саюза жанчын, а пазней і ўсе жадаючыя, змаглі даведацца шмат асабістых гісторый аб заснавальніцы легендарнага калектыву і паразмаўляць з яе калегамі і сваякамі.
Найбольш вялікай аказалася калекцыя касцюмаў (больш за тысячу адзінак для больш як 20 праграм), пра кожную дэталь якіх слухачам расказалі ўдзельнікі ансамбля. Кожны канцэрт праходзіць у выглядзе спектакля, у якім усе пастаноўкі аб’яднаны адной пэўнай тэматыкай, напрыклад, абрады старажытных плямёнаў.
Менавіта Валянціна Іванаўна задала асаблівасць калектыву — працаваць толькі з беларускім фальклорам, папулярызуючы народна-сцэнічны танец.
«Сёння тут быў не проста паказ касцюмаў, вырашылі капнуць глыбей. Зрабілі акцэнт на праведзенай Валянцінай Іванаўнай рабоце над сабой, яе глыбокім вывучэнні літаратуры, жывапісу, навуковых крыніц пры падрыхтоўцы нумароў. Падрыхтавалі падборку афіш, рэтраспектыву фатаграфій ад стварэння калектыву да цяперашняга часу», — расказала мастацкі кіраўнік ансамбля заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Грушова.
Паказалі наведвальнікам і ўнікальны экспанат — самы вялікі ручнік у Беларусі, зроблены ўручную, даўжынёй 30 м. «Гэта не проста прадмет для выставы, а рэквізіт нумара. Ён паўнапраўны ўдзельнік танца, які выконвае пэўную задачу», — растлумачыла спікер.
У творчасці Валянціны Іванаўны заўсёды былі вера, надзея, любоў і іншыя вечныя каштоўнасці. Шмат увагі ў сваіх работах яна ўдзяляла жанчыне — апоры чысціні, захавальніцы сям’і, без якой не можа існаваць чалавецтва.
Сын Валянціны Іванаўны і мастак-пастаноўшчык ансамбля Аляксей Гаявой падзяліўся, якім чалавекам бачыць сваю маці. «Ёй была ўласціва неймаверная жаночая інтуіцыя ад бога, якая сфарміравала ўсё яе жыццё. Працавітасць, цікаўнасць, неверагодная ўнутраная культура, добрае веданне народаў — такімі якасцямі валодала Валянціна Іванаўна. Значнай часткай яе жыцця была і рэлігія. Гэта тыя складнікі, якія рабілі яе творчай асобай. Любоў да беларускай культуры нарадзілася разам з ёю, яна змагла яе ўвасобіць на сцэне», — адзначыў ён.






