Як развіваецца лясная гаспадарка Беларусі. Міністр — аб экспарце, планах і новых тэхналогіях у галіне
У Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў лесу ў трэцюю нядзелю верасня. Лесаводы, таксатары, майстры лесу, работнікі гадавальнікаў і іншыя спецыялісты галіны — людзі, для якіх лес стаў сэнсам жыцця і прызваннем. Яны высаджваюць мільёны сеянцаў, берагуць лес ад агню і хвароб, забяспечваюць краіну драўнінай і прадукцыяй з яе, укараняюць новыя тэхналогіі. Міністр лясной гаспадаркі Сяргей Ульдзіновіч расказаў , чым жыве лясная справа, як развіваецца экспарт піламатэрыялаў і якія планы ў галіны.
— Сяргей Станіслававіч, раскажыце, калі ласка, колькі работнікаў заняты ў галіне і якія задачы перад імі стаяць?
— У сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі сёння працуюць 34529 чалавек. Гэта людзі, адданыя сваёй справе, для якіх лес — больш чым проста работа. Мы стараемся актыўна паказваць уклад кожнага работніка галіны ў тое, з чаго складаецца лясная гаспадарка. Гэта і нарыхтоўка лесанасеннай сыравіны, і вырошчванне пасадачнага матэрыялу, лесааднаўленне, догляд лесу, ахова і абарона лесу ад пажараў і хвароб, нарэшце, своечасовая нарыхтоўка драўніны, яе перапрацоўка і рэалізацыя. І гэта далёка не ўсе напрамкі дзейнасці нашых арганізацый і людзей. Лясная гаспадарка — складаная і шматзадачная галіна. Таму людзі, якія ў ёй працуюць, заслугоўваюць і грамадскага прызнання, і дастойных умоў працы.
— Лясная гаспадарка — гэта больш жаночая ці мужчынская галіна?
— Нягледзячы на тое, што з кожным годам у лясную гаспадарку прыходзяць працаваць усё больш дзяўчат, галіна па-ранейшаму застаецца пераважна мужчынскай — у асноўным за кошт рабочых прафесій. У працэнтных суадносінах у нас працуе 79% мужчын і 21% жанчын. Мы бачым, што з кожным годам на профільныя спецыяльнасці ва ўстановы адукацыі паступае ўсё больш дзяўчат, яны складаюць 50% і больш ад агульнай колькасці навучэнцаў. Ужо сёння можна аб’ектыўна прагназаваць, што працэнт дзяўчат у галіне з часам стане яшчэ вышэйшы.
Трэба аддаць належнае нашым жанчынам: яны спраўляюцца не горш, а дзе-нідзе і лепш за мужчын. Паказальны той факт, што два лясгасы Гомельскай вобласці — Мазырскі і Рэчыцкі доследны — узначальваюць жанчыны. Ёсць у нас і жанчыны — кіраўнікі рэспубліканскіх арганізацый. Пры гэтым цяжкую фізічную і спецыфічную работу ў галіне па-ранейшаму выконваюць мужчыны, без якіх лясной гаспадарцы не абысціся.
— Колькі налічваецца маладых спецыялістаў? Якія меры прымаюцца па іх замацаванні?
— Амаль 800 чалавек маюць у галіне статус маладога спецыяліста. Кожнаму мы імкнёмся ўдзяліць належную ўвагу: разумеем, што першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё — гэта заўсёды хваляванне і ў пэўнай ступені стрэс. Вялікую падмогу ў гэтым дае інстытут настаўніцтва. За ўсімі маладымі супрацоўнікамі замацоўваюцца вопытныя прафесіяналы, якія паэтапна знаёмяць са спецыфікай работы, падказваюць, на што звярнуць увагу, калі трэба, дапамагаюць вырашыць нават бытавыя пытанні.
У галіне будуецца і прадастаўляецца моладзі арэнднае жыллё ўжо з мэбляй. Дзесьці кватэра ў райцэнтры ў сучасным шматпавярховым доме, дзесьці індывідуальны драўляны жылы дом у аграгарадку з развітой інфраструктурай. Для чалавека вырашэнне жыллёвага пытання — адна з галоўных задач. Маючы кватэру або дом ад лясгаса, а таксама магчымасць у далейшым атрымаць гэтыя квадратныя метры ва ўласнасць, спецыяліст будзе даражыць сваім рабочым месцам і адказна падыходзіць да выканання прафесійных абавязкаў. У гэтым і ёсць наша мэта.
У бліжэйшы час мы будзем будаваць яшчэ больш арэнднага жылля. Кожнаму лясгасу пастаўлена задача штогод уводзіць не менш як два жылыя памяшканні. У маштабах галіны гэта ўжо каля 200 кватэр і дамоў штогод. Гэта яшчэ больш павысіць прывабнасць галіны сярод моладзі. Безумоўна, ёсць і іншыя меры падтрымкі, у тым ліку фінансавага характару, якія мы аказваем маладым спецыялістам.
Як аднаўляюць і ахоўваюць лес
— Як ідзе работа па аднаўленні лесу, у тым ліку па вырошчванні пасадачнага матэрыялу і пашырэнні гадавальнікаў?
— Лесааднаўленне — ключавы напрамак дзейнасці арганізацый галіны. У галіне штогод вырошчваецца ад 300 млн да 350 млн штук стандартных сеянцаў і саджанцаў. Гэта дае магчымасць у поўнай меры забяспечыць патрэбнасці галіны ў якасным пасадачным матэрыяле.
Трэнд апошняга часу — вырошчванне пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Яго выкарыстанне дазваляе падоўжыць лесакультурны перыяд, што вельмі важна для нас з улікам змянення клімату, а таксама павысіць прыжывальнасць наваствораных лясных культур і знізіць затраты на правядзенне далейшага агратэхнічнага догляду. Сёння з дапамогай пасадачнага матэрыялу з ЗКС ствараецца больш за 26% лясных культур. Да спецыялізаваных цэнтраў, што займаюцца вырошчваннем такога матэрыялу, паступова далучаюцца лясгасы з развітой гаспадаркай-гадавальнікам. Прадаўжаецца мадэрнізацыя комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у Івацэвіцкім доследным лясгасе, якая з наступнага года дасць магчымасць павялічыць магутнасці цэнтра больш як на 2,5 млн штук сеянцаў штогод.
Калі гаварыць пра лічбы, то з пачатку года лесааднаўленне і лесаразвядзенне праведзена на плошчы звыш 20 тыс. га. Наперадзе — асенні лесакультурны сезон, а гэта значыць, што работы будуць прадоўжаны.
— З-за прыродных катаклізмаў часта пашкоджваецца лес. Колькі пацярпела ў 2026 годзе? Якія меры прымаюцца лясгасамі па ліквідацыі наступстваў і аднаўленні лесу?
— У 2026 годзе ў выніку моцнага ветру пацярпела больш за 18,8 тыс. га лясных пасадак, з якіх 6,6 тыс. га патрабуюць правядзення суцэльнай санітарнай высечкі. Асноўны аб’ём пашкоджванняў (72%) сфарміраваўся ў чэрвені-жніўні 2026 года: выяўлена 13,6 тыс. га бураломных пасадак.
Лясгасамі праводзіцца абследаванне і пастаноўка на ўлік пашкоджаных пасадак, санітарныя высечкі і ліквідаванне захламленасці, нарыхтоўка і рэалізацыя пашкоджанай драўніны. У першачарговым парадку вывозяцца дрэвы, якія ўяўляюць сабой пагрозу бяспецы грамадзян і аб’ектаў інфраструктуры. Пасля правядзення суцэльных санітарных высечак пашкоджаныя ўчасткі, прыдатныя па лесараслінных умовах для лесааднаўлення, падлягаюць лесааднаўленню на працягу трох гадоў. На практыцы: імкнёмся аднавіць участкі як мага хутчэй.
На жаль, лясная гаспадарка адчувае наступствы стыхіі ледзь ці не кожны год. І тут хацелася б адзначыць узаемавыручку работнікаў лясной гаспадаркі. Калі ў кагосьці здараецца бяда, убаку не застаецца ніхто: усе з разуменнем збіраюцца ў працяглыя камандзіроўкі і даказваюць справай еднасць работнікаў галіны. Шчыра ўдзячны за гэта нашым людзям.
— Якая статыстыка па пажарах?
— З пачатку года ў лясным фондзе Мінлясгаса адбылося больш за 660 лясных пажараў на агульнай плошчы каля 540 га. Паказальнай з’яўляецца сярэдняя плошча аднаго ўзгарання — 0,3 га. Гэта сведчыць аб тым, што пераважная большасць ачагоў сёння выяўляюцца і ліквідуюцца на ранняй стадыі. Для нас гэта важна.
Істотную ролю ў павышэнні эфектыўнасці аховы лесу ад пажараў адыграла ўкараненне і выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм сачэння і ранняга выяўлення лясных пажараў. Беларусь стала першай краінай у Еўропе, якая на 100% пакрыла лес аўтаматычным відэаназіраннем. Пры гэтым выкарыстоўваюцца і іншыя метады патрулявання лесу: касмічны маніторынг, візуальнае назіранне з дапамогай лятальных апаратаў, наземнае патруляванне. На ўзбраенні ў лясгасаў знаходзяцца сучасная тэхніка і механізмы, што дае магчымасць належным чынам рэагаваць на пагрозы распаўсюджвання агню.
Але галоўнае — гэта прафесіяналізм і майстэрства нашых людзей. Мы рэгулярна праводзім агляды гатоўнасці да пажаранебяспечнага сезона, спаборніцтвы сярод лесапажарных каманд, у тым ліку ўдзельнічаем у форумах, арганізаваных нашымі расійскімі калегамі. Гэта дазваляе падтрымліваць кампетэнцыі работнікаў на даволі высокім узроўні. Не менш важны складнік — актыўная работа з насельніцтвам.
— Наколькі востра сёння стаіць праблема незаконнай высечкі і вывазу драўніны? Як кантралюецца гэты працэс?
— Колькасць фактаў незаконных высечак драўніны з кожным годам змяншаецца — прафілактыка дае вынік. Разам з тым гаварыць аб тым, што гэта адзінкавыя выпадкі, пакуль не даводзіцца. З пачатку года за незаконныя высечкі да адказнасці прыцягнуты больш за 300 чалавек. У гэтым напрамку прадаўжаем працаваць.
Што датычыцца вывазкі драўніны, то тут памочнікам для лясгасаў служыць Адзіная дзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку драўніны і здзелак з ёю. Яна забяспечвае нагляд і празрыстасць заключэння здзелак з драўнінай, у тым ліку на этапе вывазкі.
Наколькі запатрабавана беларуская лесапрадукцыя
— Якая дынаміка лесанарыхтовак і планы на павелічэнне глыбокай перапрацоўкі драўніны?
— Лясная гаспадарка краіны здольна нарыхтаваць і паставіць спажыўцам больш за 25 млн куб.м драўніны, у тым ліку каля 15 млн куб.м — дзелавой, што дае магчымасць поўнасцю задаволіць патрэбнасці ўнутранага рынку ў дзелавой драўніне. Але існуючыя магутнасці прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі пакуль не ў поўнай меры дазваляюць перапрацаваць нізкаякасную (дрывяную) і ліставую балансавую драўніну. Яна ўтвараецца ў тым ліку ў выніку распрацоўкі бураломных і ўсыхаючых пасадак, што стала праблемай апошніх гадоў.
Глыбокай перапрацоўкай драўніны пераважна займаюцца прадпрыемствы канцэрна «Белляспаперапрам». Асноўная задача, якая стаіць перад лясгасамі, — забеспячэнне насельніцтва прадукцыяй першаснага пілавання, дровамі і пелетамі для ацяплення. Паралельна развіваем вытворчасць дома- і лазнекамплектаў. Усяго ў галіне функцыянуюць 88 дрэваапрацоўчых вытворчасцей, на якіх штогод перапрацоўваецца больш за 5 млн куб.м драўніны.
— Як развіваецца пелетная вытворчасць? Ці плануецца будаўніцтва новых заводаў?
— Першапачаткова пелетныя вытворчасці былі арыентаваны на выпуск экспартнай прадукцыі — паліўныя гранулы карысталіся попытам у краінах Еўропы і Азіі. Але санкцыі, уведзеныя еўрапейскімі краінамі, у тым ліку ў сферы дрэваапрацоўкі, падштурхнулі нас перагледзець падыходы да рэалізацыі. З 2022 года стаўка была зроблена на развіццё ўнутранага спажывання пелет, у чым нас падтрымаў урад.
Прэзідэнт Беларусі неаднаразова падкрэсліваў неабходнасць больш актыўнага ўключэння ў абарот мясцовых відаў паліва, паколькі якім бы ні быў танным і даступным той жа газ, за яго мы ўсё роўна плацім. У краіне быў прыняты цэлы комплекс мер па стымуляванні спажывання пелет як з боку прадпрыемстваў ЖКГ, энергетыкі, так і з боку насельніцтва. Уладальнікі паліўных кніжак могуць набываць пелеты па фіксаваных цэнах да 3,6 т у год на адно домаўладанне, субсідзіруецца таксама набыццё кацельнага абсталявання. Для грамадзян гэта значная эканомія бюджэту.
Рэзультат прынятых мер можна ацаніць на лічбах: у 2025 годзе аб’ём рэалізацыі пелет павялічыўся ў 2,6 раза ў параўнанні з 2024 годам. А за восем месяцаў гэтага года на ўнутраным і знешнім рынках лясгасамі рэалізавана 72,2 тыс. т пелет, што практычна на 25% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У тым ліку з боку насельніцтва попыт вырас у 2,9 раза. Магутнасцей дзеючых вытворчасцей дастаткова, каб задаволіць існуючы попыт.
— Наколькі запатрабавана беларуская драўніна і прадукцыя з яе на ўнутраным і знешнім рынках? Якія вынікі дасягнуты ў плане экспартных паставак піламатэрыялаў і як дыверсіфікуюцца рынкі збыту?
— Прадукцыя лясгасаў запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Прычым у розным выглядзе. Напрыклад, грамадзяне актыўна карыстаюцца магчымасцю набыцця драўніны ў круглым выглядзе па фіксаваных цэнах для будаўніцтва дамоў, рамонту гаспадарчых пабудоў. Калі ў 2022 годзе насельніцтва набыло ў лясгасаў 88 тыс. куб.м, то за сем месяцаў бягучага года — ужо 82 тыс. куб.м. Карыстаюцца попытам і гатовыя домакамплекты ад лясгасаў. За 8 месяцаў гэтага года рэалізавалі ўжо 122 домакамплекты, у той час як у 2022 годзе пачыналі са сціплай лічбы 10 домакамплектаў. Што датычыцца аб’ёмаў спажывання пілапрадукцыі ўнутры краіны, то попыт застаецца стабільным — каля 500 тыс. куб.м у год. Лішкі адпраўляем на экспарт.
Высокая якасць беларускіх піламатэрыялаў і дакладнае выкананне дагаворных абавязацельстваў — тое, за што цэняць нас нашы замежныя партнёры. Так, пасля ўвядзення санкцый з боку Еўрасаюза лясгасам давялося істотна дыверсіфікаваць рынкі збыту — і за гэтым стаіць вялікая работа многіх людзей. Галоўнае, што яна дала свой вынік: з 2022 да 2025 года заяўкі замежных пакупнікоў на беларускія піламатэрыялы выраслі амаль у два разы.
Больш як паўтара дзясяткі краін з’яўляюцца нашымі пастаяннымі партнёрамі. Але мы на гэтым не спыняемся, актыўна асвойваем новыя рынкі.
Навацыі ў галіне і планы на будучыню
— Як праходзіць лічбавізацыя лясной гаспадаркі? Якія новыя тэхналогіі ўкараняюцца ў галіну? З якімі краінамі і па якіх напрамках лічбавізацыі супрацоўнічаюць беларускія лясгасы?
— Лічбавізацыя ў лясной гаспадарцы ідзе актыўна. Мэта — зрабіць кіраванне рэсурсамі больш празрыстым, а працэсы больш хуткімі і дакладнымі. Адзін з самых прыкметных праектаў апошняга часу — Адзіная дзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку драўніны і здзелак з ёю.
Паралельна мы развіваем розныя геаінфармацыйныя сістэмы, укараняем сучасныя метады маніторынгу за станам лесу. Цяпер працуем над тым, каб звязаць разам разрозненыя праграмныя прадукты на базе галіновай лічбавай платформы. Гэта вырашыць праблему несумяшчальнасці аўтаномных сістэм, выключыць страту даных і спросціць кантроль на ўсіх узроўнях. Развіццё лічбавізацыі ў галіне ідзе ў тым ліку ў рамках дзяржаўнай праграмы «Лічбавая Беларусь» на 2026-2030 гады.
— Якія задачы стаяць перад галіной да 2030 года?
— Непасрэдна ў лясной гаспадарцы — гэта вырошчванне ўстойлівых і прадукцыйных пасадак, падтрыманне парадку ў лясах, забеспячэнне іх эфектыўнай аховы і абароны. У тым ліку з гэтымі мэтамі прапрацоўваем пытанне набыцця беспілотных лятальных апаратаў самалётнага тыпу (не менш за пяць адзінак). У бліжэйшым будучым плануем перагледзець структуру дзяржаўнай лясной аховы ў лясніцтвах. Разлічваем такім чынам павысіць на месцах якасць работы з насельніцтвам.
У прамысловай сферы плануем сістэмнае абнаўленне лесанарыхтоўчых магутнасцей, а таксама дрэваапрацоўчага абсталявання. Сярод прыярытэтных задач — павышэнне экспартнага патэнцыялу лясгасаў, у тым ліку за кошт павелічэння аб’ёмаў выпуску запатрабаваных на знешніх рынках піламатэрыялаў.
І ключавой задачай застанецца забеспячэнне фінансавага дабрабыту прадпрыемстваў і работнікаў галіны. Работнікі лесу павінны працаваць у дастойных умовах і атрымліваць за гэта не менш дастойную заработную плату. Яны гэта заслужылі.
Аляксандра КОМАР,
БЕЛТА.






