Хаджаеў: для дапамогі пацярпелым у Бранскай вобласці з Мінска накіраваны спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню
Аляксандр Хаджаеў. Фота з архіва 17 чэрвеня, Мінск . Для дапамогі пацярпелым у Бранскай вобласці з Мінска накіраваны спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню. Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.
«Сёння адбылася трагедыя ў Бранскай вобласці з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку непаўналетнімі, пры атацы БПЛА на аўтобус, у якім знаходзіліся нашы грамадзяне. Не абышлося без ахвяр — адзін чалавек загінуў. На гэты момант, паводле аператыўных даных, восем чалавек, з іх шэсць непаўналетніх, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Знаходзяцца ў некалькіх бальніцах Бранскай вобласці. Устаноўлены кантакт паміж міністрам аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і міністрам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Робяцца ўсе неабходныя крокі для аказання аператыўнай дапамогі», — адзначыў Аляксандр Хаджаеў.
Паводле яго слоў, таксама ўстаноўлены кантакт паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Дэпартаментам аховы здароўя Бранскай вобласці, каб інфармацыя аб стане здароўя пацярпелых паступала беларускаму боку максімальна аператыўна.
«Мы накіравалі тры рэанімацыйныя брыгады, якія дапоўнены рознымі спецыялістамі ў складзе 11 чалавек, у Бранск, якія на месцы сумесна са спецыялістамі Расійскай Федэрацыі змогуць ацаніць стан нашых грамадзян і прыняць рашэнне аб магчымасці іх транспарціроўкі ў Рэспубліку Беларусь, аказанні неабходнай дапамогі на месцы. Таксама на гэты момант з Мінска ў Бранск накіраваны спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню. Гэта анестэзіёлагі-рэаніматолагі, дзіцячыя хірургі, а таксама спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра агнястрэльнай траўмы», — дадаў Аляксандр Хаджаеў.
Кіруе групай першы намеснік міністра Алена Богдан. Акрамя таго, для аказання дапамогі пацярпелым накіравана брыгада з Масквы.
«У выпадку прыняцця рашэння аб транспарціроўцы нашых грамадзян гатовы верталёт медыцынскай службы для выканання задачы», — адзначыў міністр.
Інфармацыя будзе абнаўляцца і дапаўняцца. Міністэрства аховы здароўя трымае гэта пытанне на кантролі.






