Самыя абаяльныя і паспяховыя. У Мінску праходзіць фінал конкурсу «Краса Беларусі-2026»
22 жніўня, Мінск . Фінал конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных маці «Краса Беларусі — 2026» праходзіць у ДУ «Мінскканцэрт»,
Конкурс праходзіць ужо шосты год. Яго ўдзельніцы — шматдзетныя маці, якія актыўна заяўляюць аб сваіх жыццёвых мэтах і задачах, з’яўляюцца яскравым прыкладам для сваіх дзяцей. За званне пераможцы змагаюцца 23 фіналісткі, якія на працягу тыдня перад галоўнай падзеяй прайшлі інтэнсіўную падрыхтоўку. Сёння яны здзіўляюць гледачоў пяццю выхадамі ў паўсядзённых, спартыўных, дзелавых, нацыянальных і вячэрніх уборах.



Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская адзначыла, што сёлета яны атрымалі 270 заявак ад шматдзетных маці, якія вырашылі заявіць пра сябе, паўдзельнічаўшы ў такім прэстыжным конкурсе.
«Безумоўна, журы давядзецца вельмі складана, паколькі выбраць лепшую з іх практычна немагчыма. Але тое, што яны прайшлі ў фінал, гэта ўжо вялікая перамога. Прычым не толькі іх саміх, але і іх сем’яў. Дзякуй мужам, якія падтрымліваюць сваіх жонак, і дзецям, якія адпусцілі мам ад сябе на тыдзень сюды. Гэта наша беларуская гісторыя пра Папялушку. Не важна, чым займаецца жанчына і які ў яе сацыяльны статус, тут яна можа раскрыцца і паказаць усе грані свайго таленту. Не толькі рэалізавацца ў кар’еры, не толькі быць маці, але і заявіць пра сябе як пра самую прыгожую, самую паспяховую жанчыну», — падкрэсліла Вольга Шпілеўская.



Яна ўпэўнена, што ў будучым удзельніцы будуць сябраваць сем’ямі і нават праводзіць сумесныя сацыяльныя праекты: «Місія БСЖ — аб’яднаць жанчын і адкрыць для іх розныя пляцоўкі, а далей яны ўсё робяць самі. Ім важна проста паказаць, што недзе побач ёсць сяброўка, якая здольна падхапіць іх ідэю і панесці яе далей».
Член журы конкурсу, дызайнер Антон Ярошчык мае дачыненне да арганізацыі гэтага конкурсу з самага першага сезона. Кожны год ён адзявае ўдзельніц на адно з дэфіле і знаёміцца з імі крыху раней, чым астатнія члены журы. «У кагосьці ў вачах відаць страх, у кагосьці — татальная зацікаўленасць, у кагосьці інтарэс, у кагосьці жаданне развівацца. Камусьці лёгка, камусьці складана, камусьці вельмі складана. Часцей я бачу ўдзельніц, якія наогул не разумеюць, што адбываецца, таму што на перыяд падрыхтоўкі да конкурсу яны трапляюць у зусім іншы сусвет. Літаральна за тыдзень яны змяняюцца», — адзначыў Антон Ярошчык.


На яго думку, на гэтым конкурсе ў адрозненне ад іншых падобных спаборніцтваў ацэньваюцца зусім іншыя якасці, а ў саміх удзельніцах пасля тыднёвай падрыхтоўкі можна ўбачыць унутраную ўпэўненасць, сілу і жаданне рабіць нешта лепш і дзяліцца гэтымі адчуваннямі з іншымі.
Канкурсантка з Пінска Аксана Мініч прызналася, што паміж удзельніцамі няма ніякай канкурэнцыі. Яны актыўна падтрымліваюць адна адну і дапамагаюць, калі ўзнікаюць цяжкасці. Жанчына выпадкова натрапіла на інфармацыю аб конкурсе прыгажосці для шматдзетных маці і вырашыла ў ім паўдзельнічаць. Калі яна праходзіла кастынг у Брэсце, то нават не верыла, што трапіць у фінал.
Аксане 27 гадоў. Яе старэйшай дачцэ ў хуткім часе споўніцца восем, сярэдняму сыну цяпер шэсць, а малодшаму — чатыры. Мара стаць мамай, знайсці мужчыну, адразу выйсці за яго замуж, нарадзіць дзяцей-пагодкаў і дачку-сяброўку з’явілася ў яе яшчэ ў падлеткавым узросце. «Мая сям’я мяне ва ўсім вельмі падтрымлівае, што толькі дабаўляе мне ўпэўненасці і дапамагае рухацца наперад», — падкрэсліла ўдзельніца.
Фота Максіма Гучака






