Павел Муравейка назначаны старшынёй Віцебскага аблвыканкама
Павел Муравейка 16 лістапада, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Паўла Муравейку старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта,
Да гэтага часу Павел Муравейка займаў пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. А да гэтага кіраваў Генеральным штабам Узброеных Сіл.
«Я хацеў бы вас бачыць губернатарам у Віцебскай вобласці. Чаму з усіх кандыдатур я вам прапаную гэту работу: вы — чалавек сістэмны, з ваенным характарам, які прывык ставіць задачы і патрабаваць выканання, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Што мяне падкупляе, разглядаючы кандыдатуры: мне здаецца, што калі ёсць даручэнне або Прэзідэнта, або вы даручылі каму-небудзь, вы здольны давесці да канца і пракантраляваць. У Генеральным штабе нашай арміі першая асоба… Ведаеце, у Генштабе дрэнных не бывае, там людзі мазгавітыя. Там не толькі трэба аддаваць загады, але і думаць аб развіцці арміі, развіцці якіх-небудзь аперацый і гэтак далей. Выпадковых людзей не бывае. І калі вас назначалі на Генеральны штаб, я пытаўся ў многіх, былых у тым ліку ваенных. Яны пра вас былі добрага меркавання. Таму, сабраўшы ўсё гэта разам, я раблю выснову, што вы з гэтай пасадай павінны справіцца».
«Маё патрабаванне вы ведаеце: павінен быць вынік. Гэта — галоўнае. Таму трэба працаваць на вынік. І ў Віцебскай вобласці бяда — дысцыпліна. Трэба ўводзіць армейскую дысцыпліну ў плане выканання тэхналагічных рэгламентаў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна на прэзідэнцкіх мерапрыемствах у рэгіёнах сітуацыя ў Віцебскай вобласці ўважліва вывучалася. Там прысутнічаў і Павел Муравейка. «Я спецыяльна запрашаў вас на іх, каб вы адчулі той узровень адказнасці за развіццё нашых рэгіёнаў. Назіраў за вамі, калі вы ў зале знаходзіліся, і адчуваў, што вы пранікліся адпаведным пачуццём гэтай адказнасці, — сказаў Прэзідэнт. — Ведаю, што нейкую нават не тое, што цікавасць, — азарт выклікае ў вас вось гэта будучая работа».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што роля старшыні аблвыканкама — найважнейшая ў краіне: «Гэта цэнтральныя фігуры ў Беларусі. Я як Прэзідэнт заўсёды гаварыў аб тым, што магу працаваць у Беларусі без… Не буду называць органы ўлады. Але губернатар — гэта галоўнае. Калі ёсць добрыя губернатары, тады і ў Прэзідэнта ўсё атрымліваецца».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў дачыненні да Паўла Муравейкі некаторыя могуць адзначыць, што ён чалавек ваенны і не ведае сельскай гаспадаркі. «Віцебская вобласць — гэта не толькі сельская гаспадарка. Гэта і прамысловасць. А сёння ўжо і вялікі ваенны складнік — народнае апалчэнне, тэрытарыяльныя органы. Ды і армейскія падраздзяленні. У нас там брыгада сіл спецыяльных аперацый. Ёсць і іншыя брыгады. І Міністэрства ўнутраных спраў, г.зн. людзей у пагонах таксама нямала. Час неспакойны, сур’ёзны».
Што датычыцца прамысловага сектара і энергетыкі, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на тэрыторыі вобласці знаходзіцца буйны нафтаперапрацоўчы завод.
Тым не менш на сферы сельскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт. «Вядома, галоўнае ў вашай рабоце будзе сельская гаспадарка. Тым больш што там трэба дакладна вызначыцца, як мы там будзем рухацца наперад. Вы назіралі за маімі паездкамі. Варыянтаў некалькі мы прапанавалі для Віцебскай вобласці, асабліва для паўночнага краю. Таму не толькі сельская гаспадарка, але і дрэваапрацоўка — гэта вельмі важны напрамак работы ў Віцебску».
«Галоўнае — рухацца наперад», — арыентуе беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што займацца ўсімі гэтымі пытаннямі, у тым ліку сельскай гаспадаркай, новаму кіраўніку давядзецца не ў адзіночку. «Спецыялістаў хапае там. І ў вас будзе намеснік — добры спецыяліст. І памочнік там разбіраецца ў аграрнай сферы. Галоўнае — своечасова рабіць, тэхналагічна правільна. Але мая вам парада: дысцыпліна і кантроль за выкананнем даручэнняў. Калі гэта будзе (гэта важна для любога рэгіёна) — будзе вынік», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.






