«Гісторыя заўсёды персаніфікавана». Марзалюк аб праекце «Твары памяці» і подзвігу продкаў
Ігар Марзалюк. Фота Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка 9 верасня, Мінск . Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк адзначыў галоўную сутнасць праекта «Твары памяці», які рэалізуецца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь адзіная»,
Ігар Марзалюк адзначыў: «Калі мы гаворым пра назву і рэалізацыю гэтага праекта, то зыходзім з таго, што любы прафесійны гісторык вам скажа: гісторыя заўсёды персаніфікавана. Тыя ці іншыя падзеі заўсёды рэалізуюць людзі. Тое ж самае датычыцца і гэтай вялікай, запамінальнай падзеі, якой з’яўляецца для нас 17 верасня 1939 года. Сёння мы ўшанавалі сваёй удзячнай памяццю аднаго з самых вялікіх беларускіх паэтаў, які змагаўся за адзінства і ўз’яднанне роднай для яго Заходняй Беларусі з БССР, — Максіма Танка».
Паводле слоў парламентарыя, «Твары памяці» — гэта праект аб вялікіх беларусах, якія зрабілі ўсё, каб мяжа, што разрывала краіну, знікла. У іх ліку — Максім Танк, Вера Харужая, Кірыл Арлоўскі, Сяргей Прытыцкі і многія іншыя. «Менавіта праз гэтых вялікіх людзей мы хочам актуалізаваць падзеі, зрабіць іх жывымі, эмацыянальнымі, паказаць, што ў іх таксама былі свае інтарэсы, але разам з тым для іх самым галоўным было ўз’яднанне краіны. І яны зрабілі ўсё магчымае і немагчымае для гэтага, ахвяруючы ўсім, у тым ліку сваёй свабодай, здароўем, а калі трэба — і жыццём», — сказаў старшыня пастаяннай камісіі. Ён дадаў, што фінальная кропка праекта будзе пастаўлена 16 верасня, напярэдадні свята. Паколькі ў розных рэгіёнах краіны запланаваны шэраг мерапрыемстваў, звязаных з нараджэннем, жыццём і работай нашых герояў.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук звярнуў увагу на глыбокі гістарычны сэнс даты: «Сімвалічна, што 17 верасня нарадзіўся Максім Танк, імя якога мае наш універсітэт. Маладосць паэта прайшла ў Заходняй Беларусі. З юных гадоў ён удзельнічаў у падпольнай барацьбе за ўз’яднанне Радзімы, прайшоў праз турмы і ссылкі. І свой дзень нараджэння ў пераможным трыццаць дзявятым годзе ён сустрэў як дзень здзяйснення запаветнай мары аб адзінстве беларусаў. Знаходзячыся сёння тут, каля бюста народнага паэта, мы ўсведамляем, што народнае адзінства — гэта не проста старонкі нашай гісторыі. Гэта наш сённяшні выбар, наша агульная адказнасць за сучаснае і будучае роднай Беларусі».
Ён таксама закрануў тэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і перадачы гістарычнай памяці, нагадаў аб традыцыйных «Зорных паходах» па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, якія ўніверсітэт праводзіць ужо больш за 60 гадоў. «Кожны год студэнты ідуць у гэтыя святыя месцы разам з выкладчыкамі, сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы. Гэта вельмі важны праект, і студэнты пазітыўна ставяцца да ўдзелу ў ім. Нам трэба заўсёды памятаць, што толькі ў адзінстве, згодзе і з’яднанасці народа — сіла нашай Беларусі і залог яе мірнага, устойлівага развіцця», — акцэнтаваў кіраўнік ВНУ.
Студэнтка другога курса гістарычнага факультэта Ангеліна Каралёнак расказала, што Дзень народнага адзінства асабліва каштоўны для яе сям’і. «Да 1939 года наша краіна была раздзелена, і многія сем’і жылі па розныя бакі мяжы. Калі Чырвоная Армія ўз’яднала нашы тэрыторыі — сем’і вярнуліся адна да адной. Для мяне гэта свята мае асаблівае значэнне, бо я брастаўчанка, і мая сям’я таксама змагла ўз’яднацца дзякуючы гэтым падзеям. Тое, што мы сёння знаходзімся тут, паказвае, что мы адзіныя, а наша краіна — надзвычайная, непадзельная і цэласная», — не хавае эмоцый студэнтка.
Першакурснік факультэта прыродазнаўства Глеб Палхоўскі адзначыў: «Для мяне як для будучага педагога і чалавека, які вучыцца ў БДПУ, гэта свята адчуваецца па-асабліваму. Менавіта на нас ляжыць адказнасць за выхаванне наступнага пакалення дзяцей, і нам трэба не толькі захаваць памяць, але і перадаць гэту багатую спадчыну — нашу культуру, мову і, самае галоўнае, любоў да роднай зямлі».
У ходзе мерапрыемства прысутныя ўсклалі кветкі да бюста паэта, устаноўленага ва ўніверсітэце, а потым адбылася дыялогавая пляцоўка «Адзінства народа — сіла Беларусі!», дзе ўдзельнікі абмеркавалі гістарычныя аспекты ўз’яднання краіны і іх уплыў на развіццё сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Фота Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка




