Грамадства

Фінальнае выпрабаванне холадам: калі ў Беларусь вернецца летняе надвор’е?

28 мая, Мінск . Якім будзе надвор’е на першым летнім тыдні, расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Уплыў цыклону JULE падыходзіць да канца. Яшчэ сёння і заўтра нам трэба будзе прайсці выпрабаванне халодным і ветраным надвор’ем, а далей, у апошнія майскія выхадныя, надвор’е возьме курс на паляпшэнне: вецер сціхне, градус за акном пачне павышацца. Аднак на небасхіле перыядычна будуць клубіцца кучава-дажджавыя хмары, закрываючы веснавое сонца і пастаўляючы новыя порцыі ападкаў. Чэрвень у пачатку свайго панавання, заручыўшыся падтрымкай паветраных мас з паўднёвага захаду Еўропы, захавае курс на павышэнне тэмпературнага фону, вяртаючы яго ў кліматычнае рэчышча. Таму на наступным тыдні вялікая верагоднасць летніх 25-27 градусаў цяпла. Так, да канца бягучага тыдня (29-31 мая) у Беларусі захаваецца холоднае надвор’е з тэмпературным фонам у асноўным на 1-6 градусаў ніжэй за сряэднія шматгадовыя значэнні. Начныя мінімумы складуць 2-10 градусаў, толькі 31 мая (нядзеля) месцамі па захадзе тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за 10-12 градусаў, а дзённыя максімумы апынуцца ў межах ад плюс 8 градусаў па паўночным усходзе да плюс 23 грады па захадзе. Пры гэтым ў няўстойлівым паветры будуць развівацца кучава-дажджавыя хмары, з якіх пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённы час месцамі не выключаны навальніцы. Разам з тым раніцай і ўдзень 29 мая (пятніца) пры перападах атмасфернага ціску ў многіх раёнах краіны будзе ўзмацняцца вецер з парывамі 15-20 м/с (аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі)», — расказалі сіноптыкі.

У пятніцу, 29 мая, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Раніцай і днём у многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-8 градусаў цяпла, днём будзе ад плюс 8 градусаў па паўночным усходзе да плюс 19 градусаў па паўднёвым захадзе.

У суботу, 30 мая, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённы час месцамі магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-10 градусаў цяпла, днём будзе 11-16 градусаў вышэй за нуль, па захадзе — да плюс 23.

У нядзелю, 31 мая, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-9 градусаў цяпла, днём будзе 12-18 градусаў вышэй за нуль; па захадзе ўначы — плюс 10-12, днём — плюс 19-23.

«У першую палавіну наступнага рабочага тыдня (1-3 чэрвеня) у выніку паступлення цёплых няўстойлівых паветраных мас атлантычнага паходжання чакаецца павышэнне тэмпературнага фону, якое суправаджаецца кароткачасовымі дажджамі, месцамі навальніцамі. Мінімальныя значэнні тэмпературы паветра ўначы будуць вагацца ад 5 да 15 градусаў цяпла, а максімальныя значэнні днём — ад плюс 15 да плюс 27 градусаў. У начны і ранішні час у вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будзе згушчацца непрацяглы туман», — падзяліліся прагнозам сіноптыкі.

У панядзелак, 1 чэрвеня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 5-12 градусаў цяпла, днём будзе 16-23 градусы вышэй за нуль.

У аўторак, 2 чэрвеня, уначы месцамі, днём у многіх раёнах краіны кароткачасовыя дажджы. Днём месцамі прагрымяць навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 6-13 градусаў цяпла, днём будзе 18-25 градусаў вышэй за нуль, месцамі — плюс 15-17.

У сераду, 3 чэрвеня, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 8-15 градусаў цяпла, днём будзе 20-27 градусаў вышэй за нуль, месцамі — плюс 16-19.

Больш актуальнай і цікавай інфармацыі пра надвор’е глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»