Грамадства

Дзень славянскага пісьменства і культуры святкуецца ў Беларусі 

Фота з архіва 24 мая, Мінск . Сёння ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі яго святкуюць з 1986 года і называюць Днём славянскага пісьменства і культуры.

Дата 24 мая выбрана не выпадкова — у гэты дзень праваслаўная царква шануе памяць святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства. Святыя Кірыл і Мяфодзій склалі славянскую азбуку, пераклалі з грэчаскай на славянскую мову некалькі богаслужэбных кніг, у тым ліку выбраныя чытанні з Евангелля, апостальскія пасланні і Псалтыр, што садзейнічала ўвядзенню і распаўсюджванню славянскага богаслужэння.

Браты Кірыл і Мяфодзій нарадзіліся ў Грэцыі ў сям’і высокапастаўленага ваеннага. Мяфодзій, старэйшы з сямі братоў, спачатку, як і бацька, знаходзіўся на ваеннай службе, на працягу дзесяці гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балгарскіх абласцей, а затым пастрыгся ў манахі.
Яго брат Канстанцін (у манастве Кірыл) атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі і стаў выдатным філосафам. Ён прыняў сан свяшчэнніка і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Не раз Кірыл быў абаронцам праваслаўя ў спрэчках з ератыкамі і нявернымі. Яго лічаць стваральнікам славянскай азбукі — глаголіцы.

Кірыл адчуваў цяжар ад жыцця ў сталічным горадзе і ў хуткім часе перабраўся ў манастыр да старэйшага брата Мяфодзія. У манастыры было шмат манахаў-славян, размаўляючы з імі, браты вывучылі славянскую мову.

Па запрашэнні князя Расціслава Кірыл і Мяфодзій у 863 годзе прыбылі ў Вялікую Маравію з рэлігійна-асветніцкай місіяй — прапаведаваць хрысціянства. Вялікая Маравія, якая ўключала ў той час асобныя вобласці сучаснай Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі і Польшчы, ужо была хрысціянскай. Але адукоўвала яе нямецкае духавенства, і ўсё богаслужэнне, свяшчэнныя кнігі і багаслоўе былі лацінскія, для славян незразумелыя.
Браты прыбылі ў Маравію са створанай імі славянскай азбукай і ўласнымі перакладамі рэлігійных кніг на славянскую мову. На працягу трох гадоў яны прапаведавалі новую веру, вучылі народ славянскай грамаце, адкрывалі храмы. З таго часу для славян настала новае жыццё, з’явілася магчымасць самабытнага духоўнага развіцця пад дабратворным дзеяннем пропаведзі і богаслужэння на роднай славянскай мове. Кірыл і Мяфодзій фактычна сталі стваральнікамі літаратурнай мовы, зразумелай тады ўсім славянам.

Пасля смерці Кірыла Мяфодзій быў пасвячоны ў архібіскупы і прадаўжаў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Ім быў ажыццёўлены поўны пераклад усіх біблейскіх кніг на славянскую мову.
Дзейнасць святых братоў атрымала шырокі рэзананс на тэрыторыі Славіі. Іх вучні завяршылі пачаты Кірылам і Мяфодзіем пераклад Святога Пісання і многіх богаслужэбных кніг з грэчаскай на стараславянскую мову. Вучнямі Кірыла і Мяфодзія напісаны жыціі святых братоў, якія былі вельмі папулярныя і ва ўсходніх славян. Кірыл і Мяфодзій узведзены ў ранг святых каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі.  

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»