Доля разлікаў у нацыянальных валютах паміж краінамі ЕАЭС расце
29 кастрычніка, Нясвіж . Доля разлікаў у нацыянальных валютах паміж краінамі ЕАЭС расце. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў — членаў ЕАЭС,
«У частцы разлікаў у нацыянальных валютах назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да іх павелічэння. Ва ўзаемных разліках за экспарт і імпарт тавараў і паслуг доля плацяжоў у валютах краін ЕАЭС склала 93,5%. Рыначныя механізмы самі стымулююць пераход на нацыянальныя валюты. Бізнес выбірае надзейныя і прадказальныя інструменты без неабходнасці адміністрацыйнага прымушэння. Для нашых краін важна пашыраць разлікі ў нацыянальных валютах — гэта зніжае транзакцыйныя выдаткі і валютныя рызыкі», — сказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ва ўмовах маштабных знешніх выклікаў узаемадзеянне краін у ЕАЭС набыло асаблівае стратэгічнае значэнне. «Аб’ём узаемнага гандлю за восем месяцаў склаў $67,6 млрд, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся на 11,5%. Паводле прагнозных ацэнак, у бягучым годзе вартасны аб’ём узаемнага гандлю складзе каля $106 млрд з ростам на 10%. Такая дынаміка ўзаемнага гандлю пацвярджае ўстойлівасць эканомік нашых краін, у тым ліку да знешняга націску, і запатрабаванасць інтэграцыйных сувязей», — праінфармаваў ён.
На парадку дня пасяджэння — пытанні аб бягучай эканамічнай сітуацыі і ходзе рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў дзяржавах Еўразійскага эканамічнага саюза, аб абмене вопытам у частцы процідзеяння несанкцыянаваным плацежным аперацыям. Таксама разглядаецца вопыт выкарыстання і перспектывы ўкаранення лічбавых валют цэнтральных (нацыянальных) банкаў краін ЕАЭС, абмяркоўваецца рэгуляванне віртуальных актываў у дзяржавах саюза.

«Мы сабраліся, каб абмяркоўваць не абстрактныя тэмы, а тыя актуальныя выклікі, якія дыктуе рэальнасць. Лічбавыя валюты, кібербяспека, віртуальныя актывы — сёння гэта не проста тэхналагічныя трэнды, гэта фундаментальная апора, на якой будуецца лічбавы і фінансавы суверэнітэт краін. Наша задача — узяць у гэтых пытаннях ініцыятыву ў свае рукі і задаваць рытм, якога будуць прытрымлівацца астатнія», — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка.
Фота Сяргея Шэлега






