Грамадства

Цытадэль нязломнага духу і подзвіг продкаў у яркіх фарбах: новы погляд на легенду Брэсцкай крэпасці

Больш за паўстагоддзя таму, 25 верасня 1971 года, над Бугам быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Прапануем убачыць легендарную цытадэль зусім па-новаму: дзякуючы каларызацыі гістарычных здымкаў з архіваў БЕЛТА старонкі гісторыі крэпасці адраджаюцца ў яркіх фарбах, вяртаючы тварам абаронцаў жывое цяпло. Гэта падарожжа скрозь эпохі — ад закладкі імперскага фарпоста ў XIX стагоддзі да прызнання цытадэлі адным з галоўных сімвалаў гісторыі Беларусі. БЕЛТА прадаўжае серыю публікацый, у якіх старыя фатаграфіі знаходзяць сваё новае жыццё.

Гісторыя крэпасці

У канцы XVIII стагоддзя, пасля таго як Рэч Паспалітая перастала існаваць, старажытны горад Брэст-Літоўск разам з навакольнымі землямі стаў часткай Расійскай імперыі. Каб надзейна прыкрыць заходнія рубяжы краіны ад магчымых пагроз, імператар Мікалай I у 1830 годзе зацвердзіў праект крэпасці. Земляныя работы пачаліся ў 1833 годзе і змянілі аблічча гэтых месцаў: стары горад давялося перамясціць на два кіламетры на ўсход. У чэрвені 1836 года ўрачыста быў закладзены першы камень будучай казармы цытадэлі, а вясной 1842 года крэпасць афіцыйна заступіла на баявое дзяжурства.

Лёс крэпасці аказаўся непарыўна звязаны з маштабнымі ваеннымі канфліктамі. У жніўні 1915 года ў час Першай сусветнай вайны гарнізон Брэсцкай крэпасці быў эвакуіраваны, на яе тэрыторыі размясцілася камандаванне Усходнім фронтам германскай арміі.

Па выніках польска-савецкай вайны 1919-1921 гадоў заходняя частка Беларусі (разам з Брэсцкай крэпасцю) адышлі да Польшчы. Амаль дваццаць гадоў, з 1921 па 1939 год, цытадэль была ваенным гарадком для часцей акругі 9-га корпуса польскай арміі. 22 верасня 1939 года ў Брэст увайшлі часці Чырвонай Арміі ў час вызваленчага паходу, які аб’яднаў беларускія землі.

У агні Вялікай Айчыннай вайны

На світанні 22 чэрвеня 1941 года вайна ўварвалася на нашу зямлю. На Беларусь рушыла самая магутная групоўка нямецкіх войскаў — група армій «Цэнтр». Паводле даных Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, на момант пачатку вайны аб’яднанне складалася з амаль 1,5 млн салдат, уключала больш як 2,2 тыс. танкаў, звыш 1,7 тыс. самалётаў, больш за 15 тыс. гармат і мінамётаў.

У дзень нападзення Трэцяга рэйха на Савецкі Саюз у Брэсцкай крэпасці размяшчалася ад 7 да 8 тыс. савецкіх воінаў са стралковых і разведвальных, артылерыйскіх, інжынерных, пагранічных падраздзяленняў і войскаў НКУС. Тут жа жылі 300 сем’яў ваеннаслужачых. Абаронцы крэпасці процістаялі амаль 20 тыс. салдат вермахта. З першых хвілін вайны Брэст і крэпасць зведалі масіраваныя бамбардзіроўкі і артылерыйскі абстрэл. Першымі ў бой з праціўнікам уступілі пагранічнікі на Цярэспальскім умацаванні, чырвонаармейцы і курсанты палкавых школ 84-га і 125-га стралковых палкоў, якія знаходзіліся каля граніцы, на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях. Іх упартае супраціўленне дазволіла раніцай 22 чэрвеня выйсці з крэпасці прыкладна палове асабовага складу, вывесці некалькі гармат і лёгкіх танкаў у раёны канцэнтравання сваіх часцей, эвакуіраваць першых раненых.

У першы дзень баёў да 9 гадзін раніцы крэпасць была акружана. Перадавыя часці 45-й нямецкай дывізіі паспрабавалі з ходу авалодаць крэпасцю. Цераз мост ля Цярэспальскіх варот штурмавыя групы ворага прарваліся ў цытадэль, захапілі дамінуючы над іншымі пабудовамі будынак палкавога клуба (былую царкву), дзе адразу ж размясціліся карэкціроўшчыкі артылерыйскага агню. Адначасова праціўнік развіў наступленне ў напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот, спадзяваючыся злучыцца там з групамі, якія наступалі з боку Валынскага і Кобрынскага ўмацаванняў. Гэта задума была сарвана. Каля Холмскіх варот у бой з ворагам уступілі воіны 3-га батальёна і штабных падраздзяленняў 84-га стралковага палка, ля Брэсцкіх у контратаку пайшлі байцы 455-га стралковага палка, 37-га асобнага батальёна сувязі, 33-га асобнага інжынернага палка. Штыкавымі атакамі вораг быў зламаны і адкінуты. Гітлераўцаў, якія адступалі, шчыльным агнём сустрэлі савецкія воіны каля Цярэспальскіх варот, якія да гэтага часу былі адбіты ў праціўніка. Тут замацаваліся пагранічнікі 9-й пагранзаставы і прыштабных падраздзяленняў 3-й пагранкамендатуры — 132-га батальёна НКУС, байцы 333-га і 44-га стралковых палкоў, 31-га асобнага аўтабатальёна. Яны трымалі пад прыцэльным ружэйным і кулямётным агнём мост праз Заходні Буг, перашкаджалі праціўніку наладжваць пантонную пераправу праз раку на Кобрынскае ўмацаванне.

На працягу тыдня гітлераўцы штурмавалі цытадэль, вымушаючы савецкіх байцоў адбіваць па 6-8 атак у суткі. У гэтай бітве плячо ў плячо  з мужчынамі знаходзіліся жанчыны і дзеці: яны дапамагалі раненым, дастаўлялі боепрыпасы і ўступалі ў бой. Праціўнік прымяніў бранятэхніку, агнямёты, атрутныя рэчывы і палаючыя бочкі з сумессю, якія скідалі з валоў. Ва ўмовах поўнага акружэння, пры адсутнасці вады, правіянту і вострым недахопе патронаў і медыкаментаў гарнізон прадаўжаў мужна змагацца. За першыя дзевяць дзён абаронцы знішчылі амаль 1,5 тыс. салдат і афіцэраў вермахта.

Да канца чэрвеня вораг авалодаў большай часткай умацаванняў, а 29 і 30 чэрвеня абрынуў на форт бесперапынны двухсутачны ўдар з прымяненнем цяжкіх авіябомбаў. Абарона распалася на ізаляваныя ачагі супраціўлення. Да 12 ліпеня ва Усходнім форце змагаўся атрад маёра Пятра Гаўрылава. Сам камандзір, ужо цяжкапаранены, трапіў у палон толькі 23 ліпеня. Гаўрылаў знаходзіўся ў палоне да мая 1945 года. Пасля заканчэння вайны ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці Герой Савецкага Саюза Пётр Гаўрылаў расказваў моладзі пра баі ва Усходнім форце крэпасці.

Аднак і пасля 20-х чысел ліпеня савецкія воіны прадаўжалі барацьбу ў крэпасці. Гэтыя дні сталі легендай, пакінуўшы на сценах надпісы «Памром, але з крэпасці не сыдзем», «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20.07.41 г.» Ні адзін са сцягоў воінскіх часцей, якія змагаліся ў крэпасці, не дастаўся ворагу.

Пасля вайны ўжо, у 1956 годзе, у Брэсцкай крэпасці быў знойдзены выратаваны сцяг 393-га асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, які абараняў умацаванне. Схаваў баявы сцяг дывізіёна былы малодшы сяржант, загадчык склада боепрыпасаў Радзівон Семянюк.

/Будзе дапоўнена/.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»