Буфеты без строгіх абмежаванняў і вендынгавыя аўтаматы. Якія новаўвядзенні ў харчаванні чакаюць школьнікаў з 1 верасня
30 чэрвеня, Фаніпаль . Павелічэнне грашовых норм на харчаванне, буфеты без абмежаванняў і вендынгавыя аўтаматы — гэтыя і іншыя новаўвядзенні чакаюць школьнікаў з пачатку новага навучальнага года. Аб гэтым расказаў журналістам намеснік міністра адукацыі Беларусі Уладзімір Далжанкоў, які прыняў удзел у пасяджэнні круглага стала ў СШ нумар 2 Фаніпаля, дзе галоўнай тэмай абмеркавання стала выкарыстанне паўфабрыкатаў для арганізацыі школьнага харчавання,
Як адзначыў Уладзімір Далжанкоў, з 1 верасня будуць зменены некаторыя падыходы ў арганізацыі школьнага харчавання.
«Для тых груп школьнікаў, для якіх арганізавана адна- і двухразовае харчаванне, нормы будуць мець рэкамендацыйны характар. Акцэнт будзе зроблены на тых стравах, якія перш за ўсё падабаюцца дзецям. Акрамя таго, з 1 верасня плануецца павелічэнне грашовых норм на харчаванне на 5 працэнтаў», — адзначыў намеснік міністра.
Таксама, паводле яго слоў, плануецца, што з пачатку навучальнага года будуць ураўнаваны нормы для ўсіх узроставых груп — грашовыя і натуральныя — для навучэнцаў, якім належыць аднаразовае харчаванне (другое снеданне або полудзень).
«Што датычыцца дзяцей, якія знаходзяцца працяглы час у навучальнай установе, для іх нічога не зменіцца — харчаванне застанецца двух- або трохразовым (са снеданнем, абедам і полуднем). Таксама з 1 верасня будуць зняты ўсе абмежаванні на рэалізацыю прадукцыі ў школьных буфетах. Усё, што можна дзецям з пункту гледжання дыетыкі, будзе дазволена, але з перавагай айчынным прадуктам», — дадаў Уладзімір Далжанкоў.
З новаўвядзенняў — вендынгавыя аўтаматы з ежай і напіткаміі, дазволенымі для дзяцей, пераважна беларускімі.
«Новымі будуць падыходы і ў пераглядзе цэн. Перыядычнасць перагляду цэн з 1 студзеня кожнага новага года будзе залежаць ад росту рознічных цэн», — падкрэсліў намеснік міністра.
Фота Раміля Насібуліна






