Беларусь прапрацуе з Непалам прыцягненне непальцаў на работу
Максім Рыжанкоў і Шышыр Ханал. Фота МЗС 27 верасня, Мінск . Беларусь прапрацуе з Непалам механізм арганізаванага прыцягнення непальскіх грамадзян на работу. Гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з міністрам замежных спраў Непала Шышырам Ханалам, паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
«Бакі ўдзялілі асаблівую ўвагу стварэнню дзейснага механізма арганізаванага прыцягнення грамадзян Непала для працаўладкавання ў Беларусі, які прадугледжвае абарону іх працоўных і сацыяльных правоў, а таксама забеспячэнне бяспекі. Субяседнікі дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні міжведамасных кансультацый па гэтым пытанні пры каардынацыі міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін», — расказалі ў МЗС.
Міністры пагадзіліся з неабходнасцю знайсці новыя кропкі росту гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з улікам узаемадапаўняльнасці тавараў, якія вырабляюцца ў дзвюх краінах.
Дыпламаты таксама дамовіліся актывізаваць узаемадзеянне ў турыстычнай сферы і пацвердзілі зацікаўленасць ва ўзмацненні каардынацыі і ўзаемнай падтрымкі на міжнародных пляцоўках.
Па выніках сустрэчы міністры падпісалі міжурадавае пагадненне аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартоў.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама правёў кароткія размовы з міністрамі замежных спраў Алжыра і Індыі, у час якіх бакі абмеркавалі рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых па выніках візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях.





