Узнагародамі адзначаны прадпрыемствы Магілёва, якія аказалі дапамогу гаспадаркам Шклоўскага раёна
12 лістапада, Магілёў . Урачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў і прадпрыемстваў Магілёва прайшла сёння ў час пасяджэння Магілёўскага аблвыканкама, прысвечанага вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 9 месяцаў бягучага года,
На мінулым тыдні ў час наведвання Шклоўскага раёна кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з шэрагам аб’ектаў, у ліку якіх былі дзве сельскагаспадарчыя арганізацыі «Гавяды-агра» і «Гарадзец». Яго цікавілі пытанні гаспадарча-фінансавай дзейнасці, прывядзенне ў парадак існуючых пляцовак, іх абнаўленне. Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў змяненні і даручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку ўзнагародзіць тыя арганізацыі, што аказвалі дапамогу гаспадаркам. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта прыклад таго, як горад павінен дапамагаць вёсцы.
І сёння па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскім аблвыканкаме прайшла цырымонія ўзнагароджання.
У ліку тых, каго адзначылі за работу, — РУП «Магілёўаблгаз». Генеральнаму дырэктару Руслану Волкаву аб’явілі падзяку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Як адзначыў кіраўнік, СП «Гарадзец» нядаўна перайшло ў ведамства да «Магілёўаблгазу». І ўсе работы, якія вялі ў гаспадарцы, у першую чаргу праводзілі для сваіх людзей.
«Быў пабудаваны шэраг новых аб’ектаў, правялі рэканструкцыю ўсіх вытворчых аб’ектаў: гэта МТК, мехдвор і нават склады. Навялі агульны парадак, адрамантавалі бытавыя збудаванні — аб’ём работы правялі вялікі», — пералічыў ён.
Для «Магілёўаблгазу» такі вопыт узаемадзеяння не новы — у Шклоўскім раёне ў іх ёсць яшчэ адзін філіял — гэта СВ «Газавік-Сіпакова». Буйная і моцная гаспадарка ўносіць свой важкі ўклад у работу аграпрамысловай галіны як раёна, так і вобласці. І такі тандэм, лічыць Руслан Волкаў, дае свой плён.
«У планах на перспектыву ў «Гарадцы» — другая чарга па МТК, развіццё мясной жывёлагадоўлі — таксама будзем гэтым займацца. Трэба выводзіць гэту гаспадарку хаця б на ўзровень «Сіпакова». Для гэтага ў нас ёсць перспектыўны план яго развіцця», — расказаў ён.
Таксама падзякі аб’яўлены старшыні Магілёўскага гарвыканкама Сяргею Чарткову, начальніку рамонтна-будаўнічага ўчастка ААТ «Магілёўхімвалакно» Ірыне Вайтовіч, намесніку галоўнага інжынера па абсталяванні і капітальным будаўніцтве СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» Аляксею Уласаву, маляру рамонтна-будаўнічага ўчастка будаўнічага ўпраўлення ААТ «Магатэкс» Таццяне Аксёнавай, маляру Магілёўскай рамонтна-будаўнічай групы філіяла «Энергарамонт» Магілёўскага РУП «Магілёўэнерга» Паўлу Свірыдзенку, начальніку кіслароднага ўчастка вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўдругасчормет» Уладзіміру Іванову.
За значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Шклоўскага раёна ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама ўзнагародзілі працоўныя калектывы арганізацый абласнога цэнтра — ААТ «Магілёўхімвалакно», ААТ «Магатэкс», СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод», вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Магілёўдругасчормет», філіял «Энергарамонт» Магілёўскага РУП «Магілёўэнерга».
Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, работу ў Шклоўскім раёне праводзілі пры падтрымцы шэфскіх арганізацый. «Хацеў бы сказаць дзякуй гораду і людзям, якія працавалі. Яны паказалі тое, як сапраўды павінны працаваць шэфы. Выконваючы даручэнні кіраўніка дзяржавы, мы сёння падзякавалі і працоўным калектывам, і людзям, якія прымалі ўдзел у гэтай рабоце», — падагульніў ён.
Фота Алега Файніцкага




