Шкатулка ад Пуціна, ваза ад Сі Цзіньпіна і запанкі ад Трампа. Геаграфію дружбы прадставілі ў Мінску
26 чэрвеня, Мінск . У Палацы Незалежнасці ў Мінску адкрылася ўнікальная выстава «Геаграфія дружбы», прымеркаваная да маючага адбыцца галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці, .
Палац Незалежнасці, як вядома, з’яўляецца цэнтрам палітычнага жыцця Беларусі — тут праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы з удзелам Прэзідэнта, міжнародныя сустрэчы і саміты. Але ўжо на працягу шэрага гадоў палац з’яўляецца і важнай культурнай прасторай — пляцоўкай для правядзення тэматычных выстаў і экскурсій. Гэта таксама прэзідэнцкая «скарбніца», дзе захоўваюцца падарункі, паднесеныя Аляксандру Лукашэнку ў ходзе яго замежных візітаў і рабочых паездак па краіне.

Асаблівы інтарэс у наведвальнікаў Палаца Незалежнасці выклікаюць менавіта падарункі ад кіраўнікоў дзяржаў. Не толькі з пункту гледжання мастацкай эстэтыкі. У кожным такім прадмеце заключана яшчэ і мова дыпламатыі. Выстава «Геаграфія дружбы», размешчаная ў Зале ўрачыстых цырымоній, якраз прапануе паглядзець на дыпламатычныя адносіны праз матэрыяльныя сведчанні сустрэч і перагавораў, убачыць, якім чынам традыцыі гасціннасці і павагі ўвасабляюцца ў памятных падарунках.
Сімвалічна, што першымі, хто змог убачыць гэту выставу, сталі якраз замежныя госці — Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці 25 чэрвеня прымаў губернатара Маскоўскай вобласці Андрэя Вараб’ёва і старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Мацвіенка.
Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за сем дзясяткаў падарункаў ад лідараў 40 дзяржаў.

Асобны блок займаюць падарункі з Расіі і Кітая.
Падарункі ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна надзелены глыбокім філасофскім сэнсам, адлюстроўваюць важныя вехі гісторыі, як, напрыклад, прадстаўленая серыя прадметаў, прысвечаных Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Або ўнікальная рэліквія, якая была спецыяльна выкуплена прадстаўнікамі Расіі, каб быць перададзенай у якасці падарунка беларускаму боку, — шкатулка «Сустрэча Чырвонай арміі братамі-беларусамі» 1939 года.

Сведчаннем высокага мастацкага майстэрства і гістарычных традыцый кітайскага народа з’яўляюцца дары, паднесеныя Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Напрыклад, унікальная карціна, выкананая ў тэхніцы сухога валення з воўны, з выявай прыгажосці горных вяршынь Паднябеснай. Не менш сімвалічна і вялікая ваза з выявай Вялікай Кітайскай сцяны. 
З нядаўніх падарункаў варта адзначыць бейсболку, запанкі і памятны медаль ад Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, перададзеныя ў 2025 годзе.

Прыкметнае месца ў экспазіцыі займае і вялікая ваза «На памяць сустрэчы», падораная лідарам КНДР Кім Чэн Ынам у сакавіку гэтага года. Мастацкі выраб з выявай партрэта Аляксандра Лукашэнкі інкруставаны ракавінкамі і перламутрам.
Вырабы ручной работы з афрыканскіх краін дэманструюць яркія колеры, смелыя лініі, складанасць апрацоўкі матэрыялаў, такіх як камень, дрэва або косць. Тым самым ствараецца ўнікальная мастацкая мова. Гэтыя экспанаты напоўнены асаблівай чароўнасцю. Напрыклад, мастацтва драўлянай і каменнай скульптуры Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі і іншых паўднёвых краін.

Вельмі экзатычна ў экспазіцыі выглядаюць біўні саваннага афрыканскага слана, падораныя Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам.
Старажытнаегіпецкія матывы адлюстраваны ў сувеніры «Паляванне на тылапію з кап’ём» — падарунак ад Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха ас-Сісі.
Асаблівым бляскам вызначаюцца раскошныя прадметы з краін Блізкага Усходу. Гэта ў асноўным высокамастацкія вырабы з золата, серабра або іншых каштоўных матэрыялаў. Яркі прыклад — мініяцюра палаца шэйха Абдулы бін Джасіма аль-Тані, вырабленая з выкарыстаннем серабра, золата і малахіта.
Падарункі ад лідараў краін Паўднёваўсходняй Азіі таксама маюць свае характэрныя асаблівасці і часта адлюстроўваюць культуру, рамёствы і нацыянальную сімволіку краіны. Гэта разная скульптура, кераміка, вышыўка з нацыянальнымі матывамі, вырабы з натуральных камянёў. М’янма, напрыклад, з’яўляецца адным з буйнейшых сусветных пастаўшчыкоў высакаякаснага нефрыту. У ліку падарункаў — выкананы з рэдкай пароды нефрыту Дзяржаўны герб Беларусі.
Яркі лацінаамерыканскі акцэнт сярод падарункаў — копія скульптуры «Божая Маці Кіта», выразаная з дрэва і распісаная ўручную. Арыгінал 1734 года захоўваецца ў царкве манастыра святога Францішка ў сталіцы Эквадора горадзе Кіта.
Пастаянную прапіску ў Палацы Незалежнасці атрымаў і правадыр індзейскага паўстання 1781 года супраць іспанскага каланіяльнага ярма ў Балівіі — скульптура «Тупак Катары» была падорана Прэзідэнтам Балівіі Эва Маралесам.
Яшчэ з цікавага — сапраўдныя грошы. Напрыклад, набор старажытных манет з Лівана. Іх больш як 20 гадоў таму падарыў беларускаму лідару Прэзідэнт гэтай краіны Эміль Лахуд. З нядаўняга — сувенірная банкнота, падораная Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам, наміналам 20 тыс. тугрыкаў. Асаблівасць банкноты ў тым, што гэта адбітак на золаце 999 пробы.
Кожны экспанат расказвае ўласную гісторыю. У іх знаходзяць адлюстраванне культурныя каштоўнасці народаў, дасягненні рамеснага майстэрства і асаблівасці нацыянальнай ідэнтычнасці. Прадстаўленая экспазіцыя таксама дэманструе шырокую геаграфію дружбы Беларусі, дае магчымасць убачыць гісторыю міжнародных кантактаў краіны.
Фота Яна Гарбанюка






