Барцы Цагараеў і Царыкаеў сталі пятымі на юніёрскім чэмпіянаце свету
Фота з архіва 24 жніўня, Мінск . Беларускія барцы вольнага стылю не змаглі заваяваць медалі чэмпіянату свету сярод спартсменаў не старэйшых за 20 гадоў у сталіцы Славакіі Браціславе,
На медалі сярод вольнікаў прэтэндавалі нашы Алан Цагараеў (да 92 кг) і Азамат Царыкаеў (да 97 кг). Прадстаўнікі Беларусі ў папярэдніх схватках атрымалі па дзве перамогі і пацярпелі па адной няўдачы. Абодва барцы выйшлі ў паядынкі за бронзавыя медалі, дзе не здолелі справіцца з сапернікамі і ў выніку занялі ў сваіх катэгорыях пятыя месцы.
Такім чынам, каманда Беларусі завяршыла выступленні на юніёрскім планетарным форуме ў Славакіі з дзвюма сярэбранымі ўзнагародамі. Іх прынеслі барцы грэка-рымскага стылю Міхаіл Маркоўскі (да 67 кг) і Кірыл Валеўскі (да 82 кг). Усяго нашу краіну ў Браціславе прадставілі 14 атлетаў.






