Арыгіналы рэдкіх і асабліва каштоўных кніг захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Якія з іх паказалі дэпутатам?
16 чэрвеня, Мінск . Рэдкія і асабліва каштоўныя кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі паказалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, якія наведалі НББ для ўдзелу ў круглым стале на тэму «Нацыянальная бібліятэка Беларусі — дзейнасць у імя творчасці і стварэння»,
Дэпутатам паказалі кнігасховішча. Сярод экзэмпляраў, якія выклікалі асаблівую цікавасць, былі арыгіналы пражскіх выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны 1517-1519 гадоў, у тым ліку чатыры кнігі Царстваў пад адной пераплётнай накрыўкай. Усяго ў фондзе бібліятэкі захоўваецца 10 выпускаў пражскіх выданняў у шасці пераплётах.

Дэпутаты азнаёміліся з арыгінальным экзэмплярам Астрожскай Бібліі, выдадзеным першадрукарам Іванам Фёдаравым у 1581-м. Гэта першы поўны пераклад тэкстаў Святога Пісання на царкоўнаславянскую мову.
Парламентарыі таксама змаглі пагартаць адно з ранніх заходнееўрапейскіх выданняў «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры, надрукаванае ў Фларэнцыі ў 1481 годзе. Лічыцца, што гравюры да выдання выканаў італьянскі жывапісец Сандра Батычэлі.
У фондзе ёсць калекцыя выданняў Магілёўскай брацкай друкарні, значнага выдавецкага цэнтра Беларусі. Захоўваецца таксама частка асабістага кніжнага збору свяціцеля Георгія Каніскага.
Трапіць у фондасховішча бібліятэкі могуць толькі супрацоўнікі кнігазахавання. Аднак у чытачоў бібліятэкі ёсць магчымасць скарыстацца гэтымі кнігамі ў чытальнай зале рэдкай кнігі — паглядзець або лічбавыя копіі, або заказаць арыгіналы пры наяўнасці спецыяльнага пісьма з месца работы або вучобы.
Фота Мікалая Пятрова






