Грамадства

Ад стратэгіі развіцця да бяспекі краіны. Разбіраем ключавыя кампетэнцыі УНС

Фота з архіва Навіны сюжэта «30 фактаў аб УНС » Падтрыманае народам рашэнне. Як УНС атрымаў асаблівы канстытуцыйны статус Праграма, распрацаваная ўсёй краінай. Якія прыярытэты на пяцігодку былі вызначаны на VI УНС  22 лістапада, Мінск . Пасля рэферэндуму 2022 года ў заканадаўстве была замацавана кампетэнцыя Усебеларускага народнага сходу. У сувязі з 30-гадовым юбілеем УНС БЕЛТА прапануе ўспомніць гісторыю аднаго з важнейшых органаў палітычнай сістэмы Беларусі. 30 гадоў, 30 фактаў, 30 публікацый — агенцтва падрыхтавала серыю матэрыялаў аб сходзе, у якіх раскажа аб станаўленні вышэйшага органа народаўладдзя і яго сучаснай ролі ў жыцці нашай краіны.
Факт 18. Усебеларускі народны сход вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы Пасля змяненняў, унесеных у Канстытуцыю Беларусі, у кампетэнцыю УНС стала ўваходзіць зацвярджэнне дакументаў, якія вызначаюць развіццё краіны. Сход зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, а таксама праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Законам выбудаваны дакладны механізм кантролю за іх выкананнем. УНС штогод заслухоўвае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту (гэты пункт праходзіць без абмеркавання і прыняцця рашэнняў). У той жа час справаздача прэм’ер-міністра аб выкананні эканамічных праграм прадугледжвае дыскусію: дэлегаты маюць права задаваць пытанні па ходзе пасяджэння, а па выніках заслухоўвання ўносіць у Савет Міністраў прапановы па карэкціроўцы або паляпшэнні работы. Усебеларускі народны сход мае права заканадаўчай ініцыятывы. Дэлегаты могуць уносіць у Палату прадстаўнікоў праекты законаў, у тым ліку тыя, якія датычацца паправак у Канстытуцыю. Акрамя таго, УНС мае права прапанаваць Прэзідэнту правесці рэспубліканскі рэферэндум па важнейшых пытаннях.
Асобная норма датычыцца ацэнкі выбарчых працэсаў. УНС разглядае пытанне аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта і парламента. Рашэнне Усебеларускага народнага сходу аб нелегітымнасці выбараў з’яўляецца падставай для прызнання Цэнтральнай выбарчай камісіяй галасавання несапраўдным. У гэтым выпадку назначаюцца і праводзяцца паўторныя выбары. УНС удзельнічае ў фарміраванні вышэйшых судовых і выбарчых органаў. Па прапанове Прэзідэнта сход выбірае і вызваляе ад пасад старшынь, намеснікаў і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, а таксама старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Таксама УНС зацвярджае спіс народных засядацеляў Вярхоўнага Суда. Заканадаўства прапісвае механізм зняцця Прэзідэнта з пасады рашэннем сходу. Гэта магчыма ў выпадку грубага або сістэматычнага парушэння кіраўніком дзяржавы Канстытуцыі, дзяржаўнай здрады або ўчынення ім цяжкага злачынства.
Акрамя таго, закон надзяляе УНС паўнамоцтвамі ў сферы абароны і бяспекі. Сход прымае рашэнне аб магчымасці накіравання беларускіх ваеннаслужачых і супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый за мяжу для ўдзелу ў міратворчых місіях або зябеспячэння калектыўнай бяспекі. У выпадку ўзнікнення прамой пагрозы дзяржаве і пры гэтым бяздзейнасці Прэзідэнта, УНС мае права ўвесці ў краіне надзвычайнае або ваеннае становішча. Яшчэ адзін інструмент абароны дзяржаўных інтарэсаў — права УНС адмяняць прававыя акты любых дзяржорганаў і службовых асоб, калі яны супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі (выключэнне складаюць толькі акты судовых органаў). Акрамя таго, сход устанаўлівае дзяржаўныя святы і памятныя даты. Менавіта УНС прымае рашэнне аб узнагароджанні Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі і можа вылучаць кандыдатуры іншых грамадзян для прадстаўлення да ўзнагарод.
Усебеларускі народны сход — вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Пасяджэнне УНС у канстытуцыйным статусе з 2024 года праходзіць штогод. Трэцяе пасяджэнне VII УНС пройдзе ў Мінску 17-18 снежня 2026 года.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»