«Паказаныя работы выбіваюцца з яго творчасці пра вайну». У Мінску адкрылася выстава жывапісу Леаніда Шчамялёва
Фота shchemelev-gallery.museum.by 2 ліпеня, Мінск . У Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адкрылася выстава пейзажнага жывапісу «Сонечны дзень», прымеркаваная да Дня Незалежнасці Беларусі,
Выстава стала часткай вялікай экспазіцыі, прысвечанай Леаніду Шчамялёву, і ўключыла ў сябе больш за 20 найбольш светлых жывапісных работ мастака, якія, паводле слоў арганізатараў, створаць для гасцей асаблівы сезонны настрой.
«У нашай галерэі мы часта робім тэматычныя выставы, напрыклад зімой паказваем выдатныя зімовыя пейзажы. У гэтым выпадку ўсе работы яркія, кідкія, нават святочныя, пры гэтым адлюстроўваюць хараство нашай роднай зямлі. Леанід Шчамялёў шчыра лічыў, што жыццё мацнейшае за смерць, прыгажосць мацнейшая за агіднасць. Таму захоўваў дабро і паказваў яго ў сваіх творах. Усе пейзажы прасякнуты вялікай любоўю да розных куткоў Беларусі», — падкрэсліла загадчыца філіяла «Галерэя мастацтваў Леаніда Шчамялёва» Ганна Ясюк.
Яна лічыць, што як чалавек, які прайшоў вайну, Леанід Шчамялёў хацеў пакінуць нашчадкам разуменне, наколькі цудоўнае мірнае неба. «Ён шанаваў гэтыя моманты і хацеў захаваць іх у сваіх работах, перадаць будучым пакаленням. Прадстаўленыя работы, хутчэй, выбіваюцца з усёй яго творчасці пра вайну. Цяпер, калі мы гаворым пра творчасць гэтага выдатнага мастака, перад вачамі паўстаюць мілыя сэрцу мясціны Беларусі, летнія дажджы, святы, ясныя сонечныя дні, краявіды, якія патанаюць у адметнай шчамялёўскай зеляніне», — адзначыла Ганна Ясюк.
Экспазіцыю змогуць убачыць усе жадаючыя. Яе зменяць іншыя тэматычныя работы прыкладна ў сярэдзіне восені.






