Цеплыня сустрэч і смак традыцый: трэці дзень фестывалю нацкультур сабраў гасцей на Аўгустоўскім канале
Трэці дзень XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур праходзіць на Аўгустоўскім канале. Пасля двух насычаных дзён у Гродне фестываль перабраўся на прыроду — да жамчужыны Прынёманскага краю. Праводзіць трэці дзень заключных мерапрыемстваў фестывалю нацкультур менавіта на шлюзе Дамброўка стала ўжо добрай традыцыяй. Карэспандэнты БЕЛТА далучыліся да гулянняў.
Стартаваў трэці дзень фестывалю з тэатралізаванага шэсця. Акцэнт сёлета зроблены на вясельных традыцыях у розных кутках Гродзенскай вобласці. «Маладыя» разам са «сватамі» прадставілі асаблівасці жаніцьбы са свайго раёна.


Так, напрыклад, у Ашмянскім раёне атрыбут, без якога раней не абыходзілася ніводнае вяселле, — хамут. «Гэта, вядома, прыстасаванне для запрэжкі коней. Але ў той жа час ён сімвалізуе і вернасць жаніха. Нявеста як быццам запрагае свайго нарачонага хамутом, і далей па жыцці яны ідуць неразлучна разам», — сказаў Вадзім Васілеўскі. Ён, дарэчы, упершыню ўдзельнічае ў мерапрыемствах фестывалю нацыянальных культур. «Цікава паглядзець на іншых, паказаць асаблівасці свайго раёна. Шмат новага даведаешся, шмат новых знаёмстваў. Атмасфера цудоўная тут», — дадаў ён.
А вось пра каравай, які дагэтуль пякуць на вяселлі ў Шчучынскім раёне, расказала Ірына Саковіч, якая выступае ў ролі свацці. «Прыбіраліся, рыхтаваліся, ручнікі прывезлі нашы, пяклі каравай выдатны, які і цяпер пякуць для маладых. Ён, дарэчы, гатуецца вельмі доўга, некалькі чалавек заняты ў працэсе. Надпіс сімвалічны на ім — «Любоў ды згода», — адзначыла яна, дадаўшы, што на Аўгустоўскім канале пануе святочная атмасфера. «Я тут упершыню, вельмі добра, весела, урачыста», — сказала яна. 


Прадаўжае вясельную тэму фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны». Ужо больш маштабна і грунтоўна работнікі сферы культуры прадстаўляюць абрады, пачастункі, касцюмы і не толькі характэрныя для іх мясцовасці. Так, напрыклад, на падворку Лідскага раёна расказваюць пра вясельны абрад «цыганы». «Калі маладыя прыязджалі пасля вянчання і ішлі садзіцца за святочны стол, аказвалася, што на іх месцы ўжо ёсць маладыя, але не сапраўдныя, вядома. І для таго, каб наваспечаным мужу і жонцы заняць сваё месца за сталом, даводзілася «плаціць выкуп», тут уступаў у справу сват», — расказала загадчыца аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Канцавенка. Дарэчы, як падзялілася Наталля Канцавенка, і на яе вяселлі быў праведзены гэты абрад, праўда, крыху ў змененым фармаце: фальшывыя жаніх і нявеста занялі месца маладых пасля першых танцаў. На сваім падворку лідчане таксама прадставілі фотавыставу абрада «цыганы» 1950-1970-х гадоў.

«Да вяселля заўсёды грунтоўна рыхтаваліся. Напрыклад, ткалі вясельныя ручнікі. Сёння ў нас на пляцоўцы прадстаўлена белаўзорыстае ткацтва Панямоння, якое мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама вясельныя ручнікі. Нашы майстры вяжуць карункі, а таксама робяць упрыгажэнні для караваяў — пеўнікаў, каласочкі», — дадала Наталля Канцавенка.


Пляцоўкай з самым смачным пахам стала пляцоўка гастрафэсту страў з дранай бульбы «Бульбашок». І тут прадстаўнікі розных раёнаў паказвалі свае любімыя і традыцыйныя рэцэпты. Так, напрыклад, жыхары Шчучыншчыны пяклі дранікі па мясцовым рэцэпце. «Наша зямля славіцца заварнымі дранікамі. Гэта элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па асаблівым рэцэпце іх гатуюць на тэрыторыі Васілішкаўскага і Лядскага сельсаветаў. Сёння гатуем як па гэтых унікальных рэцэптах, так і па звычайным. А на адкрытым агні гатаваць іх адно задавальненне, нават значна прасцей, чым дома. А самае галоўнае, яны атрымліваюцца вельмі смачнымі. Помню гэты смак з дзяцінства. Страва, прыгатаваная такім спосабам, адназначна вартая ўсіх намаганняў», — адзначыла метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага цэнтра культуры Ірына Барысевіч.


Побач з патэльняй больш вялікіх памераў працуюць гаспадыні з Воранаўскага раёна. Адразу з агню аддаўшы румяныя і смачныя дранікі гасцям, яны прыняліся гатаваць вялізную яечню.»У нас у аграгарадку Нача гатуюць нацкія дзеруны, іх асаблівасць заключаецца ў тым, што ў цеста з бульбы дадаюць грыбы. Гэта ўнікальны і старадаўні рэцэпт, вельмі цікавы, складаны. Адметнасць, вядома, у тым, што ў цеста дабаўляюць грыбы, а таксама бульбачку мы тром дзяром не на дробнай тарцы, а на большай. Вядома, ёсць і яшчэ сакрэты, якія робяць дзеруны нашы асаблівымі», — расказала загадчыца Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Іна Радзевіч.

Як адзначыла загадчыца Больцішскага цэнтра культуры і адпачынку Ганна Нядзелька, гатаваць на такой патэльні зусім нескладана: галоўнае, каб яна была гарачая. Дарэчы, менавіта на Воранаўшчыне ў жніўні праходзіць гастранамічны фестываль страў з цёртай бульбы, куды запрашаюць усіх аматараў бульбачкі, прыгатаванай па самых розных рэцэптах.


Ёсць на фестывалі, дзе можна не толькі пакаштаваць прысмакі, але і актыўна адпачыць. Для дзяцей і дарослых арганізавалі шмат інтэрактываў і гульняў. Упершыню ў рамках трэцяга дня фестывалю тут арганізавалі спаборніцтвы па футболе ў саломе. «Калектыўная ідэя была правесці такія спаборніцтвы. Балотны быў футбол, любы іншы быў. А такога яшчэ не было. Людзі аднесліся з цікаўнасцю да нашай задумы. Тым больш гэта магчымасць праявіць свае здольнасці абсалютна ўсім, хто любіць і захапляецца футболам», — сказаў загадчык сектара спорту Гродзенскага райвыканкама Віктар Салома.

Навінка сапраўды спадабалася аматарам гэтага віду спорту. «Гэта, у першую чаргу, вельмі весела, незвычайна, у цэлым чароўна. Такая забава, якой ніколі асабіста я не бачыў. Выдатная магчымасць правесці час у такое добрае свята. Усё вельмі здорава, класна. Усе гуляюць дружна, па-таварыску, для весялосці, таму атмасфера супер, усё цудоўна», — адзначыў адзін з ігракоў Вадзім Дзенісенка.

Дарэчы, праявіць майстэрства была магчымасць і на колцы дроў. Самыя ўмелыя ў гэтай справе, вядома, работнікі лесу, яны паказалі свой спрыт і прафесіяналізм у профільных дысцыплінах. Пасля аднаго з этапаў вальшчык лесу Сапоцкінскага лясніцтва Гродзенскага лясгаса Павел Войцік з 22-гадовым стажам расказаў, што ўсе ўменні прыходзяць з вопытам. «Усё з гадамі, такія ўменні набываюцца не за адзін дзень. У гэту сферу прыйшоў, можна сказаць, выпадкова, але не пашкадаваў аб рашэнні і вось ужо столькі гадоў працую, аказалася даспадобы, — адзначыў Павел Войцік, які ўдзельнічае ў профільных конкурсах, ёсць у яго поспехі як у абласных спаборніцтвах, так і рэспубліканскіх. — Вельмі запомніўся важны для мяне вынік — мантаж ланцуга, які я выканаў за восем секунд на абласных спаборніцтвах у мінулым годзе. У профільных спаборніцтвах самае складанае — валка дрэва. Там вялікую ролю адыгрываюць умовы надвор’я».

Трэці дзень фестывалю нацыянальных культур на Аўгустоўскім канале атрымаўся сапраўды насычаным і яркім. Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, арганізатары кожны раз імкнуцца прыемна здзівіць і парадаваць гасцей свята. «Нязменным застаецца майстэрства, талент і энтузіязм людзей», — сказаў ён, дадаўшы, што фестываль дружбы і адзінства ў гэтым годзе сабраў вялікае мноства гасцей з розных куткоў не толькі Беларусі, але і замежжа.

Фестываль на Аўгустоўскім канале праходзіць да позняга вечара. Менавіта тут паставяць прыгожую кропку свята гэтага года, якое 15-ы раз сабрала гасцей і адзначыла сваё 30-годдзе. Удзел у фестывалі прынялі прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей.

Фота Леаніда ШЧАГЛОВА,
БЕЛТА.






