Тавараабарот Беларусі і Індыі вырас на 30%. Краіны нацэлены на развіццё прамкааперацыі
Фота МЗС 17 лістапада, Мінск . Беларусь і Індыя дамовіліся рухацца ад простага гандлю да сумеснай вытворчасці. Пытанні развіцця кааперацыйнага супрацоўніцтва абмяркоўваліся на двухбаковых перагаворах у час візіту міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова ў Індыю, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
У Нью-Дэлі Максім Рыжанкоў правёў перагаворы з дзяржаўным міністрам гандлю і прамысловасці Індыі Джыцінам Прасадам. Субяседнікі адзначылі, што ў аснову беларуска-індыйскага супрацоўніцтва пакладзены асабістыя кантакты паміж лідарамі дзвюх краін, а таксама інтэнсіўная камунікацыя паміж кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў.
«Бакі пагадзіліся з неабходнасцю канвертацыі гэтых сувязей у канкрэтныя гандлёва-эканамічныя праекты. Субяседнікі зверылі падыходы да развіцця супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама ў галінах навукі і адукацыі, культуры і турызму. Сышліся на думцы аб неабходнасці ўмацавання міжрэгіянальных сувязей, адзначыўшы, што ўсе вобласці Беларусі ўжо маюць напрацоўкі па ўзаемадзеянні з Індыяй», — расказалі ў прэс-службе МЗС.
Індыйскі бок пацвердзіў зацікаўленасць у беларускай тэхніцы для сельскай, гарадской, камунальнай гаспадаркі і горназдабыўной галіны. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў 2027 годзе сумеснай кампаніі па збліжэнні дзелавых колаў дзвюх краін па лініі сумесных камісій, рабочых груп і праз галіновыя структуры.
У час візіту Максім Рыжанкоў прыняў удзел у пасяджэнні беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў якасці яе сустаршыні. У час мерапрыемства разгледжаны пытанні развіцця гандлёва-эканамічных і міжрэгіянальных сувязей, планы па паглыбленні прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і фармацэўтыкі, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, турызму, мытнага ўзаемадзеяння.
Бакі адзначылі рост тавараабароту (за дзевяць месяцаў 2026 года ён павялічыўся на 30%) і дамовіліся рухацца ад простага гандлю да сумеснай вытворчасці. У першую чаргу гэта датычыцца арганізацыі зборкі беларускай тэхнікі ў Індыі, фармацэўтычнай вытворчасці ў Беларусі, а таксама выкарыстання пляцоўкі СЭЗ «Брэміна-Орша» для выхаду індыйскіх кампаній на рынак ЕАЭС.
Таксама дасягнута дамоўленасць паскорыць узгадненне дарожнай карты развіцця ключавых напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва на 2027-2031 гады.
Эканамічны парадак дня візіту прадоўжыла заключная сесія беларуска-індыйскага бізнес-форуму. У цэлым у яго рабоце прынялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін. Максім Рыжанкоў абазначыў перспектыўныя напрамкі гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У іх ліку — пастаўкі ў Індыю сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі, гарадскога пасажырскага транспарту, а таксама стварэнне сумесных вытворчасцей у Беларусі. Кіраўнік МЗС прапанаваў больш актыўна задзейнічаць бізнес-інстытуты для актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Нью-Дэлі сустрэўся з членамі Канфедэрацыі індыйскай прамысловасці — вядучай бізнес-асацыяцыі краіны. З буйнымі індыйскімі прамыслоўцамі былі абмеркаваны практычныя аспекты прамысловай кааперацыі і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, уключаючы ўдзел дзелавых колаў у рэалізацыі сумесных праектаў. Бакі дамовіліся аб далейшых кантактах для прапрацоўкі канкрэтных прапаноў пры каардынуючай ролі Нацыянальнага цэнтра падтрымкі экспарту Беларусі.
Намеснікі кіраўнікоў міністэрстваў прамысловасці, адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, Нацыянальнай акадэміі навук, якія ўваходзяць у склад беларускай дэлегацыі, таксама правялі асобныя сустрэчы з прадстаўнікамі профільных індыйскіх ведамстваў і дзелавых колаў. Па выніках перагавораў падпісана некалькі міжведамасных дакументаў аб супрацоўніцтве.



