Палітыка

З Беларуссю нас звязвае правераная часам дружба — пасол В’етнама

16 лістапада, Мінск . В’етнам і Беларусь звязваюць даўнія адносіны традыцыйнай дружбы, правераныя часам. Важнасць гэтага адзначыў пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Беларусі Нгуен Ван Чунг, выступаючы 16 лістапада на беларуска-в’етнамскім круглым стале ў Доме дружбы,

Дыпламат звярнуў увагу: «Шчырая і важкая дапамога братэрскага беларускага народа ў гады барацьбы в’етнамскага народа за нацыянальную незалежнасць назаўсёды застаецца ў сэрцах жыхароў В’етнама. Сёння на мерапрыемстве прысутнічаюць ветэраны, якія ўдзельнічалі ў той вызваленчай вайне, а таксама члены Таварыства дружбы Беларусь-В’етнам. Напярэдадні 35-годдзя дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі, якое мы адзначым у пачатку 2027 года, мы яшчэ больш цэнім агульныя ўспаміны і гады цеснай з’яднанасці, а таксама поўныя рашучасці і ў далейшым умацоўваць і развіваць нашы адносіны».

«Прадаўжаючы гэтыя слаўныя традыцыі, прадстаўнікі в’етнамскай абшчыны ў Беларусі на працягу многіх гадоў дзякуючы ўвазе і актыўнай падтрымцы дзяржавы спакойна жывуць, працуюць на гасціннай беларускай зямлі, — прадоўжыў пасол. — Нашы суайчыннікі нязменна прытрымліваюцца заканадаўства, уносяць свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі і служаць трывалым мостам, што ўмацоўвае дружбу паміж двума народамі. Я ўпэўнены, што гэты круглы стол пасадзейнічае далейшаму паглыбленню традыцыйнага супрацоўніцтва паміж В’етнамам і Беларуссю».

Старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова расказала аб тым, што ў сценах Дома дружбы праводзіцца нямала цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных беларуска-в’етнамскаму супрацоўніцтву і паглыбленню разумення паміж народамі дзвюх краін.

На круглым стале выступілі кіраўнік в’етнамскай дыяспары ў Рэспубліцы Беларусь Чыонг Конг Даа, старшыня беларускага саюза ветэранаў в’етнамскай вайны Васіль Брага, а таксама ветэраны-інтэрнацыяналісты, якія прымалі ўдзел у вызваленчай вайне ў В’етнаме.
У сустрэчы таксама прымалі ўдзел прадстаўнікі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага гарвыканкама, якія адказалі на пытанні, што цікавілі в’етнамскую дыяспару.

Прадстаўнікі в’етнамскай дыяспары расказалі аб тым, што камфортна адчуваюць сябе ў Беларусі, некаторыя з іх засталіся ў нас пасля заканчэння вучобы, стварылі тут сем’і, у іх растуць дзеці, унукі. Размова таксама ішла аб тым, што некаторыя в’етнамскія выпускнікі беларускіх ВНУ займалі і займаюць высокія пасады ў сябе на радзіме, пры гэтым не забываюць пра краіну, дзе вучыліся. Напрыклад, гэта выпускнік факультэта журналістыкі БДУ Нгуен Туан Фонг, які на працягу дзясяткаў гадоў садзейнічае ўмацаванню беларуска-в’етнамскага супрацоўніцтва. Ён працаваў намеснікам начальніка дэпартамента міжнародных сувязей ЦК Камуністычнай партыі В’етнама, цяпер узначальвае в’етнамска-беларускае таварыства дружбы.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам устаноўлены 24 студзеня 1992 года. Палітычнае ўзаемадзеянне паміж краінамі, пабудаванае на традыцыйных адносінах дружбы, даверу і ўзаемаразумення, дынамічна развіваецца ў адпаведнасці з дасягнутым узроўнем беларуска-в’етнамскага стратэгічнага партнёрства. Падтрымліваецца дыялог на вышэйшым узроўні.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»