Нацыянальныя бібліятэкі Беларусі і Казахстана падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве
29 кастрычніка, Мінск . Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана падпісалі ў час XIII Міжнароднага кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры» ў Мінску,
Генеральны дырэктар НББ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін падкрэсліў важнасць развіцця культурных сувязей паміж Беларуссю і Казахстанам. «Казахстан — наш стратэгічны партнёр. Звычайна мы гаворым аб палітычным і эканамічным вымярэнні, але я перакананы, што культурнае павінна быць у прыярытэце. Калі мы будзем адзін аднаго лепш разумець, то, безумоўна, нашы сувязі будуць больш трывалымі», — сказаў ён. І далей падкрэсліў, што падпісанне дакумента стане асновай для новых праектаў.
Дырэктар Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкі Казахстана Куміс Сеітава прапанавала адкрыць куток казахстанскай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і куток беларускай літаратуры ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Казахстана. У якасці пачатку ўвасаблення ініцыятывы яна ўручыла Вадзіму Гігіну дзве кнігі — «Слово об отце» Касым-Жамарта Такаева і кнігу пра Кемеля Такаева, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, аднаго з заснавальнікаў дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру ў казахскай літаратуры.
Таксама адбылося падпісанне пагаднення аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ТАА «Антыплагіят». Як растлумачыў Вадзім Гігін, дзякуючы гэтаму пагадненню НББ стала галоўнай арганізацыяй у краіне па рэалізацыі паслуг сістэмы «Антыплагіят». 






