Лукашэнка аб адной з важнейшых задач АДКБ: каб кожны мог абаперціся на плячо партнёра або сябра
11 лістапада, Масква . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прапанаваў прарэвізаваць раней прынятыя рашэнні і рабіць канкрэтныя захады для павышэння эфектыўнасці АДКБ і іншых інтэграцыйных аб’яднанняў,
«Мы неяк руцінна пачалі працаваць па ўсіх нашых саюзах — і эканамічных, і асабліва ваенна-палітычных, што недапушчальна ў цяперашняй сітуацыі. Нам трэба прарэвізаваць усе прынятыя рашэнні, трэба больш сур’ёзна ставіцца да парадку дня», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што на цяперашні саміт АДКБ вынесена каля двух дзясяткаў дакументаў: «Давайце шчыра: што, мы там у кожнае пытанне ўнікаем? Так, МЗС разгледзеў, Мінабароны і іншае. Але пажадана, каб там былі асноўныя пытанні, якія датычацца лёсу нашых дзяржаў, — падкрэсліў ён. — Каб Таджыкістан, маючы праблемы на граніцы, бачыў там сябе — як будзе вырашацца гэта праблема. Калі ў нас з Расіяй праблемы на захадзе, каб мы з расіянамі бачылі аддачу. Або хаця б запланаваную аддачу: не дай бог, нейкія канфлікты ўзнікнуць. Каб Казахстан, Кыргызстан бачылі нейкую карысць ад работы гэтай арганізацыі».
«Каб кожны адчуваў, што можа абаперціся на плячо партнёра або сябра, трэба рухацца наперад, не трэба расслабляцца, — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы. — Нам трэба рабіць канкрэтныя крокі. Калі гэтых крокаў не будзе, мы вось так вось будзем збірацца, пагаворым, паглядзім адзін на аднаго, але трэба калектыўна спланаваць тое, што зацікавіць усе нашы дзяржавы».
Прэзідэнт адзначыў, што аналагічныя падыходы трэба прымяняць і ў дачыненні да іншых арганізацый — напрыклад Еўразійскага эканамічнага саюза. «Эканоміка з’яўляецца фундаментам і нашага ваенна-палітычнага блока. Там таксама трэба ўнікаць, планаваць, сур’ёзна займацца гэтымі праблемамі, каб не атрымаўся нейкі канфлікт і там сам-насам не засталіся Казахстан, Беларусь, Расія, Таджыкістан або Кыргызстан», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Не трэба расслабляцца і думаць: у нас тут ціха-спакойна, мы моцныя і адрэагуем. Зусім нечакана, як было ў Беларусі або Казахстане, узнікнуць гэтыя праблемы, і мы будзем з бухты-барахты на гэта рэагаваць, — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Загадзя нашы праціўнікі павінны ведаць, што мы не дазволім у парушэнне Канстытуцыі той ці іншай дзяржавы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры дзяржаў. Гэта адна з важнейшых задач. Стабільнасць мы забяспечым, калі пра нашу арганізацыю знутры гаварыць. Я ўжо не гавару аб зябеспячэнні нашай бяспекі звонку. Гэта вельмі важна». 






