Беларусь і Расія працуюць над імпартазамяшчэннем гідраметэаралагічнага абсталявання — Мінпрыроды
Фота з архіва 7 кастрычніка, Мінск . Напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы гідраметэаралогіі абмеркавалі ў час 82-га пасяджэння сумеснай калегіі Саюзкамгідрамета,
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Лысенка сказаў, што сёння ва ўмовах кліматычных выклікаў перад краінамі стаяць задачы па ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый, захаванні высокай якасці гідраметэаралагічнага прагнозаў, мадэрнізацыі экалагічнага і радыяцыйнага маніторынгу, а таксама адаптацыі да змянення клімату.
Беларусь і Расію звязвае шматгадовае супрацоўніцтва ў сферы гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Паводле слоў Максіма Лысенкі, узаемадзеянне дзяржаўных метэаралагічных службаў дзвюх краін з’яўляецца паспяховым прыкладам супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве. «Сетка радыёлакатараў Беларусі і Расіі аб’яднана ў адзіную сістэму. Гэта дазваляе больш аператыўна рэагаваць на выклікі надвор’я. Акрамя таго, нашы краіны сумесна працуюць над імпартазамяшчэннем гідраметэаралагічнага абсталявання і камплектуючых», — сказаў ён.
У парадку дня пасяджэння — практычныя пытанні развіцця галіны. Адным з асноўных напрамкаў з’яўляецца лічбавізацыя. «Краіны пераходзяць на аўтаматызаваны аналіз метэаралагічных даных. Важным з’яўляецца пілотны праект па атрыманні метэаралагічнай інфармацыі з паветраных суднаў. Яго рэалізацыя дасць магчымасць павысіць бяспеку палётаў і эфектыўнасць работы авіяцыі краін», — дадаў міністр.
Таксама напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца выкарыстанне спадарожнікавых даных для патрэб аграпрамысловага комплексу. Беларусь можа падзяліцца з расійскімі калегамі вопытам маніторынгу атмасфернага паветра і развіцця сеткі метэастанцый. «У Беларусі штогод адкрываецца не менш як пяць новых метэастанцый. Мы гатовы дзяліцца сваімі распрацоўкамі, а таксама пераймаць вопыт Расіі», — адзначыў Максім Лысенка.
Кіраўнік Федэральнай службы па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Расіі (Расгідрамета) Ігар Шумакоў дадаў, што ў парадку дня пасяджэння таксама абноўленая сістэма глабальнага абмену інфармацыяй Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. «Беларускія калегі паспяхова развіваюць інфармацыйныя тэхналогіі і не ўступаюць расійскім і замежным партнёрам. Без іх дапамогі і вопыту нам было б значна цяжэй працаваць у гэтай сферы», — сказаў ён
Паводле слоў кіраўніка Расгідрамета, шэраг кампаній, якія вырабляюць метэаралагічнае і спецыялізаванае абсталяванне, выйшлі ўжо на расійскі рынак. «Нам ёсць што абмеркаваць і што прапанаваць, каб ім было больш камфортна развіваць дзейнасць на расійскім рынку», — сказаў Ігар Шумакоў.
За гады супрацоўніцтва краіны распрацавалі і рэалізавалі чатыры праграмы Саюзнай дзяржавы. Расгідрамет і Белгідрамет удзельнічалі ў сумеснай дзейнасці Расіі і Беларусі па абароне насельніцтва і рэабілітацыі тэрыторый, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таксама падрыхтаваны праект праграмы Саюзнай дзяржавы па мадэрнізацыі і развіцці сістэмы маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі СД з выкарыстаннем мабільных платформ для радыёметрычных вымярэнняў на 2027-2029 гады.




