Мемарыялу «Курган Славы» прысвоены статус помніка міжнароднага значэння
Фота з архіва 23 верасня, Мінск . Рашэннем Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры мемарыяльнаму комплексу «Курган Славы» прысвоена першая катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аб гэтым расказала начальнік аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Ірына Варановіч.
«Нядаўна «Кургану Славы» быў прысвоены новы статус — першая катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта юрыдычна замацавала той факт, што мемарыял з’яўляецца не проста здабыткам Мінскай вобласці як рэгіёна, а помнікам сусветнага маштабу, які сімвалізуе перамогу над фашызмам», — сказала Ірына Варановіч.
Яна растлумачыла, што раней у мемарыяла была трэцяя катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці — катэгорыя рэгіянальнага значэння. Першая катэгорыя мае міжнароднае значэнне і прысвойваецца ўнікальным аб’ектам, якія маюць глабальную культурную, эстэтычную, дакументальную каштоўнасць. Да іх часта адносяцца архітэктурныя шэдэўры, знакавыя мемарыялы, гістарычныя цэнтры нашых гарадоў. Гэтыя аб’екты знаходзяцца пад строгім цэнтралізаваным кантролем урада.
«Курган Славы» ўзведзены ў памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў, праяўленым пры вызваленні Беларусі, а таксама ў гонар завяршэння аперацыі «Баграціён». Манумент збудаваны на месцы знакавых баёў: летам 1944 года менавіта ў гэтым раёне была разгромлена 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў («Мінскі кацёл»). Мемарыял заклалі 30 верасня 1966 года прадстаўнікі гарадоў-герояў, а адкрылі 5 ліпеня 1969 года. За час існавання мемарыяльнага комплексу яго наведалі каля 40 млн чалавек з больш як 100 краін свету.



