Спорт

Першыя гарадскія спаборніцтвы праходзяць на самым высокім адкрытым скаладроме Беларусі

17 верасня, Магілёў . Самы высокі адкрыты скаладром краіны прыняў першыя гарадскія спаборніцтвы па скалалажанні, прысвечаныя Дню народнага адзінства,
На старт выйшлі каля 100 юных спартсменаў з Магілёва, Шклова і Смаленска. Сам скаладром адкрылі не так даўно, але ён ужо стаў кропкай прыцяжэння для атлетаў.
Як расказаў начальнік аддзела спорту Магілёўскага гарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў, спорт аб’ядноўвае людзей, таму ў Дзень народнага адзінства па ўсёй краіне праходзіць мноства мерапрыемстваў.
«У гэтым годзе ў нас з’явіўся знакавы для ўсёй краіны аб’ект — самы вялікі адкрыты скаладром у Рэспубліцы Беларусь. Мы спецыяльна да гэтай даты арганізавалі першы адкрыты гарадскі турнір па скалалажанні. У нас сабраліся каманды з Магілёва і Шклова. Запрасілі і горад-пабрацім — Смаленск. Раней смаленскія юнакі і дзяўчаты ездзілі на бліжэйшы скаладром за 370 км, цяпер могуць прыязджаць значна бліжэй», — адзначыў Дзмітрый Лацянкоў.

Госці з Расіі высока ацанілі новы аб’ект і гасціннасць магіляўчан. «Нам прыемна было да вас прыехаць, мы ў вас упершыню. Самае цікавае, што скаладром пабудавала тая ж фірма, да якой мы ездзілі за 370 км. Цяпер спадзяёмся, што будзем часцей бываць у вас. Вядома, ёсць невялікі мінус: ён знаходзіцца на вуліцы. Але мы спадзяёмся, што гэты від спорту будзе развівацца і далей, а ў нас у Смаленску таксама пабудуюць добры скаладром. Мы вельмі чакаем Магілёў у госці, тым больш што каманда Магілёва прыязджала на наш міжнародны турысцкі злёт, мы ў добрых адносінах», — падзяліўся ўражаннямі намеснік кіраўніка Федэрацыі скалалажання Смаленскай вобласці Сяргей Калянцеенкаў.
Трэнеры адзначаюць, што новая пляцоўка выводзіць падрыхтоўку на больш высокі ўзровень. «Аб’ект унікальны і па вышыні, і па складанасці. Для магілёўскага спорту гэта вялізны крок наперад, асабліва ў развіцці спартыўнага скалалажання. Скаладром такой вышыні ёсць толькі ў Мінску, на стадыёне «Дынама». Падобных скаладромаў больш няма. Скалалажанне ў свеце развіваецца ўжо каля 50 гадоў, і цяпер у нашых спартсменаў ёсць магчымасць трэніравацца і даганяць сусветны ўзровень, — упэўнена трэнер — выкладчык па спартыўным скалалажанні Марыя Самсонава. — Беларусь — міралюбівая і дружалюбная краіна. Мы заўсёды рады гасцям, рады сябраваць і спаборнічаць. У адзінстве наша сіла».

На спаборніцтвы прыйшлі дзяўчынкі і хлопчыкі, якія спаборнічаюць у скорасці і правільнасці праходжання трасы. Для многіх гэта першы вопыт на новай вышыні. «Мне здаецца, што сёння будзе крыху складана, але ўсё роўна спадзяюся на перамогу. Новы скаладром прыгожы, сучасны, яркі і вялікі. Скалалажанне развівае не толькі спартыўны дух, але і логіку: трэба не проста ўхапіцца, але і падумаць, куды паставіць руку або нагу, каб не ўпасці», — расказала ўдзельніца з Магілёва Паліна Саладуха. Яна дадала, што атмасфера спаборніцтваў вельмі натхняе: «Калі глядзіш, як выступаюць саперніцы, разумееш, над чым яшчэ трэба працаваць. Тут, на новым скаладроме, нават трэніравацца больш прыемна — зачэпкі яркія, трасы цікавыя. Хочацца вяртацца сюды зноў і зноў, каб пакараць новыя вяршыні».

Настрой на перамогу мае і Ульяна Дарасевіч. «Я чатыры гады займаюся гэтым відам спорту, пастаянна хаджу на трэніроўкі і не прапускаю заняткі. Тут я даведалася шмат новага, займала прызавыя месцы. Сёння я настроена на перамогу», — сказала юная спартсменка. Ульяна таксама падзялілася тым, што значыць для яе скалалажанне: «Гэты спорт навучыў мяне не здавацца. Бывае, што траса не атрымліваецца з першага разу, але я паднімаюся зноў і зноў, пакуль не прайду яе. Тут, на такой вышыні, адчуваеш сябе сапраўднай альпіністкай. А калі гучыць званочак на вяршыні — гэта ні з чым не параўнальнае пачуццё».

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»