Зборная Аргенціны другі раз запар выйшла ў фінал чэмпіянату свету па футболе
Фота FIFA 16 ліпеня, Мінск . Зборная Аргенціны другі раз запар прабілася ў фінал футбольнага чэмпіянату свету,
У паўфінальным матчы ў Атланце дзеючыя чэмпіёны свету атрымалі валявую вікторыю над Англіяй — 2:1. Як і чакалася, гэта процістаянне выдалася вельмі напружаным. У першым тайме невялікая перавага была ў англічан, аргенцінцы шукалі шанцы ў контратаках, але нікому не ўдалося адкрыць лік. Гэта адбылося праз дзесяць мінут пасля перапынку, калі флангавую перадачу Моргана Роджэрса замкнуў форвард англійскай зборнай Энтані Гордан. Прапусціўшы мяч, чэмпіёны свету трывала завалодалі ініцыятывай, і на 85-й мінуце Энца Фернандэс далёкім ударам зраўнаваў лік. Далей больш — яшчэ праз 7 мінут Лаўтара Марцінес забіў пераможны гол.
На гэтым планетарным форуме лідар зборнай Аргенціны Ліянэль Месі забіў ужо восем мячоў, столькі ж у француза Кіліяна Мбапэ. У складзе англічан па шэсць разоў вызначыліся Хары Кейн і Джуд Белінгем.
У першым паўфінале дзеючыя чэмпіёны Еўропы ўпэўнена перайгралі фіналістаў мінулага сусветнага першынства футбалістаў Францыі з лікам 2:0.
Такім чынам, 19 ліпеня ў Нью-Ёрку ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул сустрэнуцца зборныя Іспаніі і Аргенціны. Для іспанцаў маючы адбыцца фінал стане другім у гісторыі — у 2010 годзе ў ПАР яны сталі чэмпіёнамі, абыграўшы ў дадатковы час каманду Нідэрландаў з лікам 1:0. Зборная Аргенціны сёмы раз згуляе ў фінале ЧС. У яе актыве па тры залатыя ўзнагароды (1978, 1986, 2022) і серабро (1930, 1990, 2014).
Зборныя Францыі і Англіі 19 ліпеня ў Маямі сустрэнуцца ў матчы за трэцяе месца 23-га сусветнага першынства.
У фінале чэмпіянату планеты 2022 года ў Катары зборная Аргенціны перамагла ў серыі пасляматчавых пенальці каманду Францыі — 4:2 (гульнявы час — 3:3), у гульні за бронзу харваты перамаглі мараканцаў з лікам 2:1.
Зборная Бразіліі пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету, у Італіі і Германіі па чатыры тытулы, тры — у Аргенціны, па два — у Францыі і Уругвая, па адным разе перамагалі футбалісты Англіі і Іспаніі.






