Лукашэнка павіншаваў алімпійскага чэмпіёна Леаніда Тараненку з 70-годдзем
13 чэрвеня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў алімпійскага чэмпіёна, заслужанага майстра спорту СССР Леаніда Тараненку з 70-годдзем. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Самыя яркія старонкі айчыннай цяжкай атлетыкі непарыўна звязаны з Вашым імем. Мільёны аматараў спорту ведаюць Леаніда Тараненку як выдатнага майстра жалезнай гульні, на пераможным рахунку якога шматлікія вышэйшыя ўзнагароды пяршынстваў планеты і сусветныя рэкорды. Сёння Вы застаяцеся сапраўдным беларускім волатам, чые легендарныя дасягненні занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівай павагі заслугоўвае шматгадовая грамадская дзейнасць Леаніда Тараненкі, накіраваная на прапаганду спорту, пашырэнне алімпійскіх ідэалаў, падтрымку ветэранаў галіны.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў алімпійскаму чэмпіёну моцнага здароўя, дабра, міру і дабрабыту.






