У Мінску заклалі Алею Дружбы дзяржаў — членаў ШАС
17 чэрвеня, Мінск . У рамках дзясятай Нарады міністраў адукацыі краін ШАС на тэрыторыі мінскай Студэнцкай вёскі заклалі Алею Дружбы, урачыстая цырымонія прымеркавана да 25-годдзя арганізацыі,
Тэрыторыя Студэнцкай вёскі выступае ў ролі прасторы жывой дыпламатыі, дзе студэнты з розных дзяржаў штодзённа бачаць рэальны вынік міжнароднай згоды.
«Чвэрць стагоддзя — гэта зусім невялікі прамежак часу па гістарычных мерках, але нават за гэты такі кароткі перыяд Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва зроблена шмат у галіне гуманітарнага супрацоўніцтва, развіцця адукацыі. Яркім прыкладам таму з’яўляецца 20-гадовая гісторыя Універсітэта ШАС. На дзясятай Нарадзе міністраў адукацыі краін ШАС былі прыняты знакавыя дакументы — гэта ўдасканаленая канцэпцыя развіцця Універсітэта ШАС, тэхналагічны рэгламент яе дзейнасці, а таксама прыняцце новых універсітэтаў у вялікую сям’ю ШАС. Сёння такіх універсітэтаў амаль 150», — сказаў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства.
Ён адзначыў, што месца для памятнай алеі выбрана невыпадкова. «Студэнцкая вёска аб’ядноўвае больш як 10 тыс. студэнтаў, больш за палавіну з іх — замежныя студэнты з больш як 110 краін свету. Мы з вялікай удзячнасцю ставімся да ўсіх краін, якія давяраюць самае каштоўнае, што ёсць у іх, — сваю моладзь для таго, каб сфарміраваць прафесіяналаў, высакакласных спецыялістаў, якія вернуцца на радзіму і будуць уносіць свой уклад у развіццё нашых дружалюбных краін», — канстатаваў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
Намеснік генеральнага сакратара ШАС Сухэль Хан падкрэсліў, што пасадка дрэў сімвалізуе аб’яднанне і сям’ю. «Як гэтыя дрэвы, няхай новыя пакаленні гэтак жа растуць у адным духу, у дружбе, як адна сям’я. Каб ні палітычныя, ні якія-небудзь іншыя праблемы не ўзнікалі паміж імі. Беларуская атмасфера якраз падыходзіць», — падкрэсліў ён і пажадаў беларускаму народу вялікай будучыні, адзначыўшы, што Беларусь — вельмі важны член ШАС.
У высадцы памятнай алеі прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Кіраўнікі дэлегацый сумесна са студэнтамі пасадзілі дрэвы і ўрачыста адкрылі памятны знак.
Фота Таццяны Матусевіч






