У Беларусі за гады незалежнасці выбудавана целасная сістэма барацьбы з карупцыяй — Вальфовіч
17 верасня, Мінск . У Беларусі за гады незалежнасці выбудавана цэласная сістэма барацьбы з карупцыяй. Аб гэтым гаворыцца ў прывітальным адрасе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча ўдзельнікам XI пасяджэння Міждзяржаўнага савета па процідзеянні карупцыі, якое агучыў намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў,
«За гады незалежнасці ў краіне выбудавана цэласная сістэма, у цэнтры якой у якасці каардынатара барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй знаходзіцца Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў прывітальным адрасе.
У ім адзначаецца, што сістэма абапіраецца на трывалую заканадаўчую базу, ідзе пастаянны маніторынг правапрымяняльнай практыкі, вывучаецца міжнародны вопыт і па меры неабходнасці карэкціруецца нацыянальнае заканадаўства. Пры гэтым вялікае значэнне мае прафілактыка такіх з’яў, нецярпімае стаўленне да іх грамадскасці, асабліва моладзі.
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ў Беларусі барацьба з карупцыяй без усякага перабольшання носіць татальны характар. У барацьбу з гэтым злом уцягнуты літаральна ўсе ўстановы і арганізацыі. Самую пільную ўвагу гэтай праблеме ўдзяляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
«Карупцыя, як любыя злачынныя праявы, не мае ні нацыянальнасці, ні межаў. Пры гэтым нясе сур’ёзную пагрозу бяспецы любой краіны, падрываючы асновы эканомікі, даверу да ўлады. Менавіта таму так важны падобныя сустрэчы прафесіяналаў самага высокага ўзроўню, якія даюць магчымасць зверыць гадзіннікі, абмяняцца вопытам і скаардынаваць дзеянні на перспектыву», — адзначана ў прывітальным адрасе.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі выказаў упэўненасць, што сённяшняе пасяджэнне пройдзе ў дзелавой, канструктыўнай атмасферы і дапаможа ўсім зрабіць барацьбу з карупцыяй яшчэ больш эфектыўнай.
XI пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па процідзеянні карупцыі праходзіць на пляцоўцы Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На ім прысутнічаюць кіраўнікі органаў пракуратуры, профільных дзяржаўных органаў краін СНД. У ліку ўдзельнікаў прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана, Расіі. На абмеркаванне вынесена 12 пытанняў.





