У 1Password паведамілі аб уцечцы даных кліентаў пасля ўзлому карпаратыўнага акаўнта
Фота Pexels 26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кампанія 1Password пачала расследаванне пасля несанкцыянаванага доступу да карпаратыўнага акаўнта GitHub аднаго з супрацоўнікаў. У выніку інцыдэнту злачынец атрымаў частку даных кліентаў кампаніі, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу кампаніі.
Хакер скарыстаўся ўліковым запісам супрацоўніка, каб укараніць шкодны код у серверныя службы і атрымаць адміністрацыйныя даныя, звязаныя з кліентамі 1Password.
Паводле інфармацыі кампаніі, злачынец загрузіў даныя часткі карыстальнікаў, у тым ліку іх імёны і адрасы электроннай пошты. Пры гэтым доступу да напаўнення кліенцкіх сховішчаў яму атрымаць не ўдалося.
У 1Password паведамілі, што скампраметаваны ўліковы запіс GitHub заблакіравалі, а выкрадзены токен анулявалі. Акрамя таго, кампанія павялічыла даўжыню кодаў, якія адпраўляюцца ў пісьмах для аднаўлення доступу да акаўнтаў з 6 да 10 сімвалаў.-0-





